Беларускі дзень кастрычніцкай рэвалюцыі



Бальшавіцкі пераварот, які здарыўся ў кастрычніку 1917 года, стварыў падставы для рэалізацыі самага маштабнага сацыяльнага эксперымента ў гісторыі чалавецтва. Збольшага аграрная па характары гаспадаркі Расейская імперыя была пераведзеная на прамысловыя рэйкі, а адсталае ў цывілізацыйным плане грамадства перажыла мадэрнізацыйную ломку. Што праўда, усе гэтыя метамарфозы, якія адбыліся ў першай у свеце сацыялістычная дзяржаве, дасягнуліся коштам дзясяткаў мільёнаў ахвяраў.

Ідэолагі камуністычных пераўтварэнняў, калі ламалі праз калена эканамічныя, культурныя і сацыяльныя асновы папярэдняй фармацыі, не ўлічылі інэртнасць грамадства. Гэтую з’яву можна праілюстраваць сітуацыяй з правамі савецкіх жанчын. Адразу пасля бальшавіцкага перавароту рэй у справе барацьбы за правы жанчын вялі палымяныя рэвалюцыянеркі кшталту Аляксандры Калантай, якая была прыхільніцай так званай тэорыі “шклянкі вады”. Сутнасць гэтай тэорыі можна звесці да формулы: “заняцца сексам так жа проста, як выпіць шклянку вады”. Прыхільніцы падобных поглядаў лічылі, што новую савецкую жанчыну трэба вызваліць ад складаных мацярынскіх абавязкаў і дазволіць прымаць паўнавартасны ўдзел у сацыяльным жыцці. Некаторыя тэарэтыкі жаночай эмансіпацыі гаварылі пра тое, што дзяцей практычна ад моманту нараджэння трэба змяшчаць у спецыяльныя інкубатары, а побыт і вядзенне гаспадаркі зрабіць максімальна калектыўнымі. На практыцы гэта выявілася ў тым, што кабеты, замест распрыгоньвання, патрапілі пад падвойны прэс, калі яны вымушаныя былі несці працоўную павіннасць нароўні з мужчынамі і адначасова весці гаспадарку ў ранейшым аб’ёме. Але найбольш поўна савецкая эмансіпацыя жанчынаў выявілася ў прымусовай і фактычна бясплатнай працы на калгасных палях, заводах, лесапавалах і будоўлях Сібіру.

Непрываблівасць і неэфектыўнасць савецкай эканамічнай мадэлі лёгка патлумачыць на прыкладзе звыклага атрыбута сучаснасці — туалетнай паперы. Гэты няхітры прадмет гігіены вынайшаў амерыканскі бізнесмен Джозеф Гаеці ў 1857 годзе. У СССР туалетная папера ў прамысловым маштабе пачала вырабляцца толькі ў 1969 годзе. А ўвогуле для савецкай гаспадаркі быў уласцівы дэфіцыт практычна ўсяго. І гэта асабліва абсурдна, калі ўлічыць, што СССР валодаў надзвычай багатымі прыроднымі рэсурсамі.

Увогуле ўцёкі з сацыялістычнага раю – вельмі распаўсюджаны сюжэт як у гісторыі канкрэтных асобаў, так і цэлых нацый. У біяграфіі знакамітага савецкага памежніка Мікіты Карацупы, які за гады службы затрымаў амаль 400 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, замоўчваўся факт, што практычна ўсе затрыманыя грамадзяне – людзі, якія спрабавалі ўцячы з СССР. Аднак самы паказальны прыклад – уцёкі з-пад апекі Масквы цэлай дзяржавы ГДР у 1989 годзе. Пад ціскам народных хваляванняў улады Заходняй Нямеччыны знялі абмежаванні на спалучэнне з ФРГ 9 лістапада 1989 года, што ў выніку прывяло да дэмантажу цэлай сістэмы. І руйнаванню Берлінскага мура як сімвала раз’яднанай Нямеччыны. Нягледзячы на тое, што з моманту ўз’яднання Германіі прайшло амаль 30 гадоў для гэтых двух частак краіны дагэтуль характэрныя істотныя адрозненні, прычым не на карысць сацыялістычнай ГДР. Усходняя Нямеччына саступае Заходняй практычна па ўсіх паказніках: працягласці жыцця грамадзянаў, медыцыны, развіцця прамысловасці, заробкаў, трываласці сацыяльных інстытуцый і гд.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ