Чаму беларусам трэба сачыць за падзеямі ў Расеі



Падзеі ў суседняй Расеі пасля вяртання блогера Аляксея Навальнага развіваюцца надзвычай імкліва. Хоць Крэмль спрабуе рабіць выгляд, што лідар апазіцыі не з’яўляецца для ўлады паўнавартасным супернікам, але панічная рэакцыя на гульню Навальнага паказвае, што Уладзімір Пуцін і ягонае атачэнне якраз цудоўна ўсведамляюць усе небяспекі. Пачынаючы ад стварэння перашкодаў у прызямленні самалёта з Навальным, за якім назіралі ў анлайн-рэжыме каля паўмільёна чалавек толькі на адной трансляцыі тэлеканала “Дождж”, сканчваючы змяшчэннем блогера ў турму паводле высмактаных з пальца абвінавачанняў. Нягледзячы на гэта, менавіта Аляксей Навальны задае рытм усёй гульні і прымушае “вялікіх камбінатараў” дзейнічаць у адказ, абараняцца, што з’яўляецца першай прыкметай набліжэння паразы.

Аляксей Навальны – фігура ў расейскім палітычным руху яркая. Да нядаўняга часу ягоная арганізацыя, якая займалася гучнымі расследаваннямі карупцыйных злачынстваў атачэння Пуціна, выдавала раз-пораз сюжэты, якія жыва абмяркоўваліся ў расейскім грамадстве. Некаторыя з фільмаў нават прыводзілі да дастаткова масавых пратэстаў. Пасля выхаду фільма “Ён вам не Дзімон”, у якім распавядалася пра цэлую імперыю падстаўных фірм, якія хаваюць маёмасць былога прэзідэнта і прэм’ера РФ Дзмітрыя Мядзведзева, некалькі тыдняў у самых вялікіх гарадах Расеі не суціхалі пратэсты. Да нядаўняга часу Аляксей Навальны вельмі жорстка праходзіўся з крытыкай па бліжэйшых сябрах Уладзіміра Пуціна, але самога самаабвешчанага цара не чапаў праз зразумелае для постсавецкіх краінаў правіла.

Аднак сітуацыя змянілася пасля спробы атручання блогера рэчывам “Навічок”. Аляксей Навальны, якога літаральна выцягнулі з таго свету нямецкія і французскія лекары, заўважна радыкалізаваўся. Ён абраў у якасці аб’екта крытыкі Уладзіміра Пуціна, па якім прайшоўся надзвычай рэзананснымі фільмамі. Апошняя стужка “Палац Пуціна” за некалькі сутак пасля размяшчэння ў Інтэрнэце набрала рэкордныя 50 мільёнаў праглядаў толькі на адным ютубе. У фільме распавядаецца пра спальню правадыра плошчай больш чым у 200 квадратных метраў і залатыя туалетныя ёршыкі цаной ў гадавую пенсію сярэдняга расейскага пенсіянера. Скандальная стужка заканчваецца заклікам да выхаду расейцаў на вуліцы гарадоў супраць улады і ў падтрымку Аляксея Навальнага. З пункту гледжання апазіцыянера, які ў дадзены момант знаходзіцца ў турме, то бок у руках сваіх ворагаў, такая тактыка выглядае самазабойствам. Аднак калі прааналізаваць сітуацыю ў расейскім грамадстве, гульня Навальнага ў ва-банк не выглядае такой ужо безнадзейнай. Больш за тое, менавіта ад масавасці выхаду расейцаў на вуліцы залежыць ягонае жыццё.

Ці адрэагуюць расейцы на заклік апазіцыянера? Па ўскосных прыкметах, якія можна назіраць у Інтэрнэце (колькасць праглядаў фільма Навальнага, рэакцыя на ягоныя заклікі ў тг-каналах, падтрымку ініцыятывы з боку аўтарытэтных людзей і, самае галоўнае, па паніцы ўлады, якая кінулася прэвентыўна збіваць хвалю пратэсту), можна прагназаваць, што стомленае ад нязменнага кіравання Пуціным расейскае грамадства, нарэшце, абудзіцца. Улічваючы працяглы эканамічны крызіс у РФ, выкліканы няўмелым кіраваннем і заходнімі санкцыямі, градус супрацьстаяння будзе дастаткова высокі. Акрамя таго, алею ў агонь падліваюць расейскія рэгіёны, якія ў апошнія гады дэманструюць надзвычайную палітызацыю. Узгадайма хаця б шматмесяцовыя пратэсты ў Інгушэціі і ў Хабараўску. Такім чынам, выходныя ў суседняй РФ будуць надзвычай гарачымі.

Беларускім каментатарам, якія скептычна ставяцца да Аляксея Навальнага, варта ўсё-такі ўзгадаць тое, як месца правадыроў рэвалюцыі займаюць тыя, хто, здаецца, не меў на гэта вялікіх шансаў. У гісторыі ХХ стагоддзя такіх прыкладаў безліч. Хаця б прыгадаць кар’еру начальніка польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага ці рэдактара “Іскры” Уладзіміра Ульянава. Лідар, які працуе сістэмна на рэвалюцыю, у нейкі момант атрымлівае шанец. Пытанне, ці скарыстаецца ён гэтым шансам. Нам жа, беларусам, змена ўлады ў РФ выгадная па адной простай прычыне: зацятая палітычная барацьба прывядзе да крызіса, у выніку якога Крамлю не будзе справы да сваіх сатэлітаў. А гэта значыць, улады Беларусі застануцца сам-насам з народам, які прагне пераменаў. А гэта ўжо, як той казаў, зусім іншы паварот падзей.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ