Чаму не пусцілі на выбары вядомых апазіцыянераў? 



У Беларусі завяршыўся этап рэгістрацыі кандыдатаў на так званыя парламенцкія выбары. Для многіх грамадзянаў, якія паверылі ў дэмакратычнасць сёлетняй выбарчай кампаніі, вынікі рэгістрацыі сталі непрыемным сюрпрызам. Так, кандыдацкія пасведчанні не атрымаюць найбольш пазнавальныя сярод выбарцаў апазіцыйныя прэтэндэнты Алена Анісім, Ганна Канапацкая, Ірына Халіп, Аляксандр Кабанаў, Юрый Губарэвіч і іншыя. Нягледзячы на прадказальнасць такога фіналу, многія дагэтуль задаюцца пытаннем, чаму ўлады, якім цалкам падкантрольная сістэма падліку галасоў, не пайшлі на рэгістрацыю апазіцыйных прэтэндэнтаў, каб стварыць ілюзію сапраўднага змагання за мандаты.

У цяперашні момант у пэўных апазіцыйных колах папулярны тэзіс пра тое, што “стэрыльнасць” парламенту патрэбная Аляксандру Лукашэнку для эфектыўнага супрацьстаяння інтэграцыйным ініцыятывам Крамля. Аднак падобныя версіі з канспіралагічным адценнем адкідаюцца практычна штодня самім кіраўніком дзяржавы, які ўвесь час дэкларуе нязменнасць стратэгічнаму курсу на сяброўства з Расеяй.

Яшчэ паўгода таму, калі Аляксандр Лукашэнка выступаў з пасланнем да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ім было заяўлена пра тое, што парламенцкія выбары пройдуць перад прэзідэнцкімі. Для дзвюх апазіцыйных дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай гэта было адназначна кепскай навіной, паколькі на практыцы азначала, што ўлада пойдзе на ўсё, каб забяспечыць сабе перад самай важнай палітычнай кампаніяй абсалютна лаяльны парламент.

Выбары цяперашняга складу парламента адбываліся ў 2016 годзе ва ўмовах, калі прайшлі больш важныя прэзідэнцкія, таму ўлада магла сабе дазволіць у спакойны міжэлектаральны перыяд пайсці на эксперымент з наданнем мандатаў дзвюм “канструктыўным” апазіцыйным дэпутаткам. Аднак, нягледзячы на тое, што за перыяд кадэнцыі Алена Анісім і Ганна Канапацкая засвоілі правілы гульні, не перакрочвалі “чырвоную лінію”, яны ўсё роўна ўспрымаюцца кіроўнай групай як пастаянная крыніца пагрозы. Згадайма, напрыклад, удзел Ганны Канапацкай у “маршах недармаедаў” і несанкцыянаваныя зверху заканадаўчыя ініцыятывы дэпутаткі Алены Анісім. Адпаведна, улады зрабілі выснову пра тое, што нават стрыманыя апазіцыянеркі ў парламенце ў крытычны перыяд здольныя стаць дадатковым галаўным болем, стварыць, дзякуючы дэпутацкаму статусу, мноства праблем. То бок, у рашэнні аб нядопуску да выбараў Ганны Канапацкай і Алены Анісім не трэба шукаць нейкіх глыбінных матываў. На паверхні – панічны страх перад канкурэнцыяй і альтэрнатыўнай думкай. Тым больш, калі ўлічыць, што абедзьве дэпутаткі не хавалі сваіх намераў аб вылучэнні кандыдатураў на прэзідэнцкіх выбарах.

Ці стануць дэпутатамі іншыя апазіцыйныя кандыдаты, якія яшчэ не сышлі з выбарчай гонкі? Улічваючы тое, што галоўнай задачай уладаў да і пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе будзе захаванне стабільнасці палітычнай сістэмы, то адказ відавочны.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ