Чаму ўлада не перанесла выбары?



Галоўная асаблівасць сёлетняй выбарчай кампаніі – усё-такі не ў нетыповай палітычнай актыўнасці беларусаў, не ў росце пратэстных настрояў і нават не ў гаспадарчым крызісе. З гэтымі выклікамі ўлада ў розных камбінацыях у папярэднія гады спраўлялася. А вось з прынцыпова новага – палітычная кампанія праходзіць на фоне пандэміі каронавірусу. Кіраўніцтва дзяржавы рэагуе на незразумелага для яе ворага згодна класічнай мадэлі амерыканскага псіхолага Кіблер-Роса. Спачатку была стадыя “адмаўлення”, калі небяспеку называлі раздзьмутай і ўвогуле кпілі з “палахлівага Захаду”. Потым наступіў “гнеў”, які выявіўся ў неразуменні дзеянняў Расеі і ЕЗ, якія ў аднабаковым парадку закрылі межы. Затым – “гандаль”, калі ўлады рэзка памянялі танальнасць камунікацыі з грамадствам, прызнаўшы, хоць і спецыфічным чынам, наяўнасць праблемы. На чарзе – “дэпрэсія” і “прыняцце”. Выглядае на тое, што дзве фінальныя стадыі прыпадуць рыхтык на жнівень, калі ў Беларусі будзе праводзіцца найважнейшая палітычная кампанія апошніх 5 гадоў – прэзідэнцкія выбары.

Яшчэ ў канцы лютага гэтага года, калі ў Беларусі было афіцыйна заяўлена пра нулявога пацыента з covid-19, эксперты і апазіцыйныя палітыкі загаварылі пра імавернасць пераносу выбараў. Згодна Закону “Аб надзвычайным становішчы”, выбары сапраўды могуць быць перанесеныя па прычыне, напрыклад, эпідэміі. Пандэмія каронавірусу, якая нясе страты для гаспадаркі і наносіць шкоду здароўю людзей, тэарэтычна можа падпадаць пад палажэнні Закона “Аб надзвычайным становішчы”. Калі б улады пайшлі на гэты крок, то ў Беларусі на перыяд дзеяння НС былі б забароненыя пазасталыя грамадзянскія і палітычныя свабоды. Здавалася б, мара любога аўтакрата, для якога ўлада з’яўляецца самамэтай. Але кіраўнік дзяржавы, замест абвяшчэння надзвычайнага становішча, прызначыў выбары на 9 жніўня, пры гэтым ЦВК апавясціла грамадзянаў пра афіцыйны старт кампаніі літаральна ў самы апошні момант. Такім чынам, выбары праходзяць у вельмі неспрыяльных для альтэрнатыўных кандыдатаў умовах. З аднаго боку, пры недахопе часу, дэфіцыце матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. З іншага боку, на фоне распаўсюду небяспечнага віруса, які накладае дадатковыя абмежаванні на магчымасці ў правядзенні агітацыі.

Чаму Аляксандр Лукашэнка не перанёс выбары, кіруючыся дзейным заканадаўствам? Відаць, па той жа прычыне, чым абумоўленае яго нежаданне ўводзіць у Беларусі каранцін. Выглядае на тое, што ў такім рашэнні ёсць два асноўныя матывы: ягонае асабістае нявер’е ў каронавірус (што не выключае прыняцце ім мер бяспекі) і жаданне ўтрымаць эканоміку пад кантролем (прынамсі, у бліжэйшыя некалькі месяцаў на перыяд выбараў). Увядзенне надзвычайнага становішча дазваляе перанесці выбары на нейкі перыяд, пасля якога, хутчэй за ўсё, насельніцтва краіны будзе яшчэ больш азлобленым праз адсутнасць належнай падтрымкі з боку дзяржавы і калапс эканомікі. На такім фоне правесці “элегантную” выбарчую кампанію наўрад ці атрымаецца. Таму ўлада абірае правядзенне выбараў любым коштам менавіта ў жніўні, пакуль яшчэ ёсць запас трываласці ў гаспадаркі і людзі занятыя традыцыйнымі летнімі клопатамі на прысядзібных участках.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ