Чарговае ігнараванне грамадскай думкі



На гэтым тыдні ў Беларусі горача абмяркоўваюцца дзве горадабудаўнічыя ініцыятывы: помнік памерламу сербскаму алігарху Срэтэну Карычу на вуліцы Стэфаніі Станюты ў Менску і пачатак прац па ўзвядзенні гіганцкага флагштока на плошчы Леніна ў Гомелі. У абодвух выпадках, на першы погляд, мала агульнага. Гаворка нібыта ідзе пра сімвалічныя знакі ў розных гарадах, якія фінансуюцца з розных крыніц (з прыватных сродкаў і дзяржбюджэту) і маюць розныя значэнні (ушанаванне памяці і культываванне патрыятызму). Аднак, калі ўважлівей прыглядзецца, абедзьве ініцыятывы усё-такі маюць падобныя рысы. Іх аб’ядноўвае поўнае ігнараванне грамадскай думкі, сумнеўны густ і ўмоўная прывязка да беларускага наратыву.

Скульптура сербскаму дзялку Срэтэну Карычу, заснавальніку бізнес-імперыі Dana Holdings, да якой належаць шэраг будаўнічых праектаў у Менску, паўстаў з ініцыятывы ягонага брата Багалюба. Статуя чалавеку з разведзенымі ў бакі рукамі стаіць на закрытай тэрыторыі ў прыватным пасёлку на вуліцы, якая носіць імя знакамітай беларускай актрысы Стэфаніі Станюта. Прапускны рэжым на гэтай вуліцы настолькі сур’ёзны, што неяк нават сын і ўнучка зоркі Купалаўскага тэатра, не змаглі трапіць на вуліцу імя сваёй маці і бабулі. Ахова на КПП запатрабавала ў іх дакументы. З пункту гледжання заканадаўства ўсталяванне скульптуры на прыватнай тэрыторыі – справа асабістая, якая не патрабуе ўзгаднення ў органах улады. Аднак на практыцы часцяком выглядае інакш. У 2010 годзе мясцовыя ўлады Зэльвы не пасаромеліся дэмантаваць шыльду на прыватнай хаце, у якой жыла беларуская паэтэса Ларыса Геніюш. У 2013 годзе з ініцыятывы некалькіх беларускіх актывістаў у вёсцы Слабодка Астравецкага раёна, на ўласным падворку, быў усталяваны помны знак у выглядзе крыжа, стылізаванага пад меч, з надпісам вядомага пароля паўстанцаў 1863-1864 гг. “Каго любіш? Люблю Беларусь”. Адзін з ініцыятараў помніка, мытнік Алесь Юркойць, якога пазней абвінавацілі ў карупцыі і кінулі за краты, у лістах на волю сябрам піша, што помнік выклікаў шал у мясцовых сілавікоў. А скульптар Ігар Засімовіч у адным з інтэрв’ю гаворыць пра тое, што ўсталяванне помніка паўстанцам на прыватнай тэрыторыі было ці не адзінай магчымасцю, бо атрымаць дазвол на такі мемарыяльны знак у сучаснай Беларусі практычна немагчыма. Праз пару гадоў пасля ўсталявання крыжа ініцыятары сутыкнуліся з праблемай захавання мемарыяла праз складанасці ўзгаднення ў структурах улады. Нешта падказвае, што сербскія інвестары з Dana Holdings не асабліва пераймаліся пытаннем атрымання дазволу для ўсталявання статуі алігарху Срэтэну Карычу.

А вось гомельская гісторыя з усталяваннем гіганцкага флагштока вышынёй у 60 м і паралельным упарадкаваннем тэрыторыі агульным коштам у 650 тысяч даляраў ЗША – гэта не проста аплявуха грамадству, але сапраўдны пір падчас чумы. У краіне, дзе чвэрць насельніцтва не можа сабе дазволіць тавары і паслугі для задавальнення асноўных патрэбаў, дзе адны з самых нізкіх заробкаў у Еўропе, дзе не вырашаюцца дзесяцігоддзямі сацыяльныя і інфраструктурныя праблемы, выдзяляецца круглая сума на аб’ект, які выклікае, мякка кажучы, здзіўленне. Тым больш, узвядзенне флагштока адбываецца з парушэннямі заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і без грамадскага абмеркавання. Няма сумневу, што флагшток, нягледзячы на пратэсты часткі неабыякавых грамадзянаў, будзе пабудаваны, бюджэтныя сродкі будуць засвоеныя, птушка ў радку патрыятычнае выхаванне будзе пастаўленая. Але аўтарытэт ад такога дзеяння ўлады наўрад ці заваююць, бо павага народу ад велічыні флагштока не залежыць.

 

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ