Чарговае спрашчэнне візавага рэжыму



Кіраўнік Беларусі падпісаў загад №300 “Аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзянаў”. Паводле гэтага ўказу, дзве асобныя турыстычна-рэкрэацыйныя зоны “Гродна” і “Брэст” аб’ядноўваюцца ў адну бязвізавую тэрыторыю, на якой дазваляецца перамяшчэнне замежных грамадзян з 73 дзяржаваў свету ў складзе арганізаваных турыстычных групаў і пры ўмове наведвання аб’ектаў з зоны “Брэст-Гродна”. Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля апублікавання. Такім чынам, Беларусь дэманструе свету імкненне да адкрытасці. У афіцыйным паведамленні прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі зазначаецца, што пашырэнне бязвізу накіравана на “развіццё транспамежных чалавечых кантактаў… Дакумент будзе садзейнічаць турыстычнай прываблівасці нашай дзяржавы і ўмацаванню эканомікі прыпамежных рэгіёнаў”.

Трэба зазначыць, што эксперымент з увядзеннем бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 70-ці з нечым краінаў свету пачаў насамрэч прыносіць свой плён. У адной з самых закрытых краін Еўропы, якой да нядаўняга часу з’яўлялася Беларусь, фіксуюцца паказнікі росту наведвальнасці нашай дзяржавы замежнымі грамадзянамі. Цікава, што меры з бязвізам датычацца не толькі турыстаў, якія прылятаюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт “Менск”. Паралельна функцыянуюць турыстычна-рэкрэацыйныя зоны ў Гародні і Берасці.

Згодна афіцыйнай статыстыцы, колькасць толькі бязвізавых турыстаў у Гародні за першае паўгоддзе 2019 года склала больш за 65 тысяч чалавек, што на 60% болей за аналагічны перыяд 2018 года. Больш чым удвая вырасла колькасць замежных бязвізавых турыстаў і ў Берасці. Асноўную частку замежнікаў складаюць грамадзяне Польшчы, Літвы, потым, з досыць вялікім адрывам, ідуць грамадзяне іншых дзяржаваў ЕЗ. Няма сумневу, што пазітыўны эфект ад адкрыцця межаў ужо адчулі дробныя прадпрымальнікі са сферы абслугоўвання, вытворцы алкаголю і сувенірнай прадукцыі, турфірмы і гаспадары аграсядзібаў. Другое дыханне атрымаў і медычны турызм, а таксама аздараўленчыя ўстановы, якія прапаноўваюць замежнікам таксама неблагі ўзровень абслугоўвання. Такім чынам, указы аб бязвізе пацвердзілі сваю жыццядзейнасць у эканамічным плане.

Паспяховая практыка бязвізу паказвае, што яе неабходна распаўсюджваць не толькі на заходнія рэгіёны і сталіцу, але і на ўсходнюю частку Беларусі. Наданне Віцебску, Магілёву і Гомелю статуса турыстычна-рэакцыйных зонаў з бязвізавым рэжымам магло б істотна пасадзейнічаць выкарыстанню патэнцыялаў гэтых гарадоў, стымуляваць развіццё цэлых галін мясцовай гаспадаркі. У гэты момант, аднак, ігнараванне інтарэсаў усходніх абласцей Беларусі выглядае недарэчнай дыскрымінацыяй. Больш таго, улічваючы, што менавіта ўсходнія рэгіёны Беларусі з’яўляюцца найбольш дэпрэсіўнымі ў плане прыбыткаў і дэпапуляцыі насельніцтва, то такія дзеянні ўлады выглядаюць яшчэ больш абсурднымі. Ва Усходняй Беларусі ёсць мноства прыродных і архітэктурных аб’ектаў, якія маглі б зацікавіць заходніх турыстаў. Але, на жаль, магчымасці Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны напоўніцу не выкарыстоўваюцца.

У пашырэнні бязвізу, акрамя эканомікі, таксама ёсць і складнік нацыянальнай бяспекі. Закрытасць краіны і ізаляцыянізм – не лепшы сродак абароны незалежнасці дзяржавы. Гэта, відаць, і зразумелі ў кіраўніцтве Беларусі, якое пайшло на адкрыццё беларускіх межаў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ