Чарговы сігнал пагрозы беларускай незалежнасці



Лідар Сербскай радыкальнай партыі Ваіслаў Шэшаль, выступаючы перад дэпутатамі парламента Сербіі, агучыў важную для жыхароў нашай часткі планеты інфармацыю. “Мяркуючы па ўсім, да 2024 года рыхтуецца АБ’ЯДНАННЕ Расеі, Беларусі, Казахстана і, верагодна, Украіны, калі яна вернецца ў абдымкі маці-Расеі, у нейкую канфедэрацыю, дзе будуць сумесныя пытанні знешняй палітыкі, арміі і манетарнай палітыкі”, – заявіў Ваіслаў Шэшаль. І потым дадаў, што Сербіі варта прыглядацца да гэтага інтэграцыйнага праекта з дзвюх прычынаў. Па-першае, гэта эканамічна выгадна. Па-другое, нават заявіўшы пра намер аб уступленні ў адноўлены СССР, можна дабіцца значных саступак ад спалоханага Захаду. Відаць, маецца на ўвазе пазіцыя ЕЗ і ЗША па пытанні Косава і іншых пачуццёвых аспектах сербскай знешняй палітыкі. Але для беларусаў асабліва цікава не тое, супраць каго плануюць сябраваць сербы, колькі гучная заява, паводле якой беларускай незалежнасці пагражае смяротная небяспека.

Ваіслаў Шэшаль з’яўляецца сербскім нацыяналістам з усім стандартным наборам светапоглядных характарыстык: нянавісць да Захаду, жаданне пабудаваць на Балканах “Вялікую Сербію”, шавінізм і сімпатыі да Расеі. З біяграфіі гэтага чалавека вынікае, што ён яшчэ ў 1980-х гадах выступаў супраць уладаў камуністычнай Югаславіі, пасля распаду якой са зброяй у руках імкнуўся ўсталяваць уладу сербаў на абломках імперыі. У 1991 годзе ў інтэрв’ю часопісу “Шпігель” ён заявіў: “Харваты атрымаюць столькі зямлі, колькі можна будзе разглядзець са званіцы кафедральнага сабора ў Загрэбе, а калі яны будуць пярэчыць, мы забярэм і гэта”. За ягоныя дзеянні падчас вайны ў Харватыі Міжнародны трыбунал у Гаазе спрабаваў прыцягнуць Ваіслава Шэшаля да адказнасці. Яму інкрымінаваліся распальванне міжнацыянальнай варажнечы, падбухторванне да генацыду, катаванні ў дачыненні да нясербскага насельніцтва, выгнанні дзясяткаў тысяч чалавек, забойства больш за 900 харватаў, сувязі з мафіяй. У выніку, Ваіслаў Шэшаль адбыў 11 гадоў у камеры папярэдняга зняволення. У 2014 годзе яго нечакана апраўдалі, але пасля перагляду справы апраўдальны прысуд скасавалі. У 2016 годзе гэтага сербскага палітыка адпусцілі на волю па прычыне таго, што ён адсядзеў больш за 10 гадоў.

Да заяваў настолькі адыёзнай персоны, здаецца, можна было б ставіцца спакойна, калі б не некалькі нюансаў. Цягам зняволення Ваіслава Шэшаля міжнародную кампанію па ягоным вызваленні каардынаваў адзін з шэрых кардыналаў расейскай знешняй палітыкі Сяргей Бабурын. Менавіта ён з’яўляецца прыхільнікам аднаўлення СССР 2.0. З гэтай мэтай Сяргей Бабурын за апошнія пару гадоў актывізаваў сваю дзейнасць на беларускім напрамку. У прыватнасці, дзякуючы ягоным намаганням прайшлі некалькі сходаў прарасейскай грамадскасці ў шэрагу абласных цэнтраў Беларусі. Пакуль што ягоныя высілкі не прывялі да з’яўлення арганізаванай палітычнай сілы ў Беларусі, але праца ў гэтым напрамку, відавочна, вядзецца.

Цікава, што ягоным пераемнікам на пасадзе Расейскага камітэта ў абарону Ваіслава Шэшаля з’яўляецца яшчэ адзін высокапастаўлены расеец Вячаслаў Цяцёкін. У біяграфіі Вячаслава Цяцёкіна – мноства фактаў, звязаных з Беларуссю (дзяцінства правёў у Барысаве, вучыўся ў Мінскім лінгвістычным інстытуце, адкуль пайшоў працаваць па лініі дыпламатычнага ведамства СССР). Улічваючы тое, што ў савецкія часы дыпламаты былі наўпрост звязаныя з контрвыведкай і КДБ, то прыналежнасць Вячаслава Цяцёкіна да сілавых структур даводзіць не патрэбна. Такім чынам, сярод расейскіх інфарматараў, якія маглі распавесці Ваіславу Шэшалю пра праект рэінтэграцыі постсавецкіх дзяржаваў, ёсць сама менш дзве асобы (Сяргей Бабурын і Вячаслаў Цяцёкін). Абодва гэтыя палітыкі маюць вялікую вагу ў асяроддзі пуцінскіх сілавікоў, уплываюць на фармат узаемадачыненняў Масквы з кіраўніцтвамі былых савецкіх рэспублік. Адпаведна, беларускай грамадскасці варта вельмі сур’ёзна ставіцца да чарговага сігналу адносна пагроз незалежнасці і суверэнітэту краіны.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ