Эканамічныя профіты і экалагічныя наступствы ад новага шляху “з варагаў у грэкі”



Назва маленькага населенага пункта Ніжнія Жары ў Брагінскім раёне становіцца ўсё больш вядомай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Уся справа – у амбіцыях уладаў Беларусі, якія хочуць пераўтварыць палескую вёску ў сапраўдны порт на рацэ Прыпяць. Для гэтых мэтаў афіцыйны Менск гатовы на першым этапе выдзеліць больш за 60 млн долараў для ўпарадкавання тэрыторыі, пабудовы порта і лагістычнага цэнтру, а таксама выдаткаваць больш за 100 млн долараў на правядзенне лініі чыгункі з Хойнікаў. Выглядае на тое, што беларуская дзяржава пачала пераходзіць ад словаў пра водны маршрут Е40 да справаў.  

Страшны сон беларускіх эколагаў можа стаць неўзабаве рэчаіснасцю. Выступаючы перад украінскай публікай на форуме рэгіёнаў ў пачатку кастрычніка ў Жытоміры Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што Беларусь зацікаўленая ў развіцці рачнога судаходства для дыверсіфікацыі паставак вуглевадародаў. Гэтую заяву ўспрынялі “на ўра” прыхільнікі праекта Е40, рэалізацыя якога створыць водную магістраль паміж Балтыйскім і Чорным марамі. Гэтая прапанова сустрэла гарачую прыхільнасць украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага, які даручыў профільным ведамствам падрыхтаваць пакет законаў, якія дапамогуць ажыццявіць праект. Дарэчы, украінскі бок поўным ходам вядзе рэалізацыю задумы. На папярэднім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбыўся амаль год таму ў Гомелі, гаварылася пра пачатак будаўніцтва рачнога тэрмінала на тэрыторыі Белазёрскага раёна Херсонскае вобласці Украіны. Будаўніцтва прадугледжвала ўзвядзенне 5 прычалаў для адначасовай разгрузкі 4 кантэйнеравозаў класу Панамакс, газавага тэрміналу, зерневага тэрміналу магутнасцю 4 мільёны тон у год. Прыблізны кошт праекта – 400 мільёнаў долараў ЗША.

Дарэчы, Польшча таксама ў справе ўдзелу ў Е40 у шапку не спіць. Уплывовае выданне Rzeczpospolita ў свежай публікацыі распавядае пра планы польскага ўраду адносна новага шляху “з варагаў у грэкі”. У матэрыяле гаворыцца пра тое, што ў нетрах Міністэрства марской гаспадаркі і ўнутранага суднаходства (MGMiŻŚ) прапрацоўваецца Праграма развіцця воднай дарогі ракі Вісла на ўчастку ад Гданьска да Берасця. Праца над дакументам мае завершыцца ў ІІ квартале 2020 года.

Згодна з планамі распрацоўшчыкаў, у Беларусі асноўная частка воднай трасы пройдзе па рацэ Прыпяць, якая на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых некранутых буйных рэк у Еўропе. Ажыццяўленне праекта прадугледжвае паглыбенне дна ракі і яе прытокаў да мінімальнай адзнакі ў 2,5 м. Для гэтага спатрэбіцца пабудаваць шэраг плацін і выпраставаць рэчышча ракі на некалькіх участках.

На першы погляд, з’яўленне воднай магістралі, якая злучыць Польшчу, Беларусь і Украіну, а таксама зробіць магчымым дастаўку грузаў марскім шляхам у Турцыю, – гэта суцэльны профіт. Акрамя інтэнсіўнага руху грузапатокаў і шанса на ажыўленне рачнога суднаходства, як зазначаюць эксперты, Беларусь, нарэшце, зможа ўмацаваць сваю незалежнасць у энергетычнай сферы. Мясцовыя ўлады гавораць пра стварэнні новых працоўных месцаў (да 1 тысячы чалавек толькі ў ваколіцах Ніжніх Жараў). Аднак чамусьці не пакідае адчуванне, што ўсё гэта ўжо было. Толькі ў іншы час і ў іншай частцы планеты. У паваенны час ўлады СССР таксама захапляліся грандыёзнымі планамі падпарадкавання прыроды патрэбам чалавека і ідэяй выкарыстання вады з рэк Сырдар’і і Амудар’і для патрэбаў народнай гаспадаркі. Чым гэта скончылася, могуць распавесці жыхары гарадоў-прывідаў з былога ўзбярэжжа амаль зніклага Аральскага мора. Гэтым людзям, якія ў выніку брутальнага ўздзеяння чалавека на прыроду пазбавіліся радзімы, наўрад ці атрымаецца навесіць паўторна лакшыну пра тысячу працоўных месцаў, эканамічныя плюсы і ўмацаванне незалежнасці.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ