Эмпатыя ці стакгольмскі сіндром? 



Чым больш спрабую разабрацца ў сітуацыі з гомельскай настаўніцай, якая была звольненая мясцовымі чыноўнікамі, але адноўленая “дырэктывай” кіраўніка дзяржавы, тым менш адчуваю сімпатыю да ўсіх удзельнікаў канфлікта. Педагог, які з партай у руцэ лаецца матам на 9-гадовага вучня, – яўна не ўзор для пераймання. І аднаўленне на працы гэтага чалавека, які “згарэў на вытворчасці”, не дапаможа яму вярнуць аўтарытэт, страчаны ўвадначассе.

Хейтарам педагога, якія ўвесь час некрытычна абараняюць хлопчыка, што яўна спрычыніўся да скандалу сваімі паводзінамі і рогатам, таксама варта паспрабаваць паставіць сябе на месца кабеты, якая дзесяцігоддзямі жыве ў сітуацыі бяспраўя, галечы і татальнай непавагі. Як тут не ўзарвацца пасля чарговай сітуацыі, калі вучні перастаюць слухацца і кпяць з педагогаў-няўдачнікаў? Ды яшчэ здымаюць на відэа чалавека ў стане афекта на мабільныя тэлефоны. Дарэчы, у многіх еўрапейскіх краінах размяшчэнне падобнай інфармацыі ў сацыяльных сетках альбо на Ютубе без згоды настаўніка пацягнула б на працяглае судовае разбіральніцтва. І не факт, што сям’я “юнага рэжысёра” пасля публікацыі відэа не выплачвала б педагогу кампенсацыю за нанесеную рэпутацыйную і маральную шкоду.

Непаважлівае стаўленне да настаўніка – праблема №1 беларускай сістэмы адукацыі. Ва ўмовах ХХІ стагоддзя, калі перад грамадзянамі адкрываюцца ўсе магчымасці для самаразвіцця і адукацыі (абы было жаданне), школа пераўтварылася ў адзін з самых кансерватыўных і рэакцыйных грамадскіх інстытутаў, які не паспявае за грамадствам. А настаўнікі, асуджаныя на вартае жалю існаванне, не могуць выклікаць павагі ў сваіх вучняў. Пры цяперашняй сістэме ўлады, якая надае больш увагі сілавым структурам і спорту, чым адукацыі, спадзявацца на перамены не выпадае. Змяненне стаўлення да настаўніка магчыма толькі ў выпадку комплекса мер, якія прывядуць да паляпшэння іміджу прафесіі (ад сацпакета і годнага заробка да перагляду адукацыйных праграм). Тады ў школу пацягнуцца маладыя і перспектыўныя выпускнікі, а конкурс на педагагічныя спецыяльнасці стане зноў надзвычай высокім.

Увогуле перадпенсійная кабета з узнесенай партай над галавой вучня – гэта сімвал і дыягназ цяперашняй сістэме адукацыі, у якой няма месца амбіцыйным і адэкватным выпускнікам педагагічных універсітэтаў. Мала хто, акрамя нешматлікіх энтузіястаў, па сваім жаданні і ў цьвярозым розуме звяжа сваё жыццё з установай, дзе прымушаюць падпісвацца на ўбогія дзяржаўныя газеты, дзе няма свабоды творчасці, дзе ініцыятыва асуджаецца, дзе плацяць капейкі, дзе праца з дзецьмі не бачная праз стос разнастайных папер.

Рэакцыя ўлады ў асобе прэзідэнта абсалютна чаканая. Трэба аддаць належнае супрацоўнікам аналітычных цэнтраў, якія адсочваюць грамадскія настроі, што спрагназавалі хвалю эмпатыі ў дачыненні да звольненай настаўніцы. Ды і выбары на носе, на якіх менавіта такія кабеты часта з’яўляюцца сябрамі выбарчых камісій. Дык навошта злаваць цётачак, што дзесяцігоддзямі служаць верай і праўдай гэтай уладзе? 

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ