Каланіяльныя ўстаноўкі ў беларускай сістэме адукацыі



Беларускія настаўнікі паведамляюць, што ў новых падручніках па рускай літаратуры для 8 класа паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гг назвалі “польскім”. “Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе выклікала новы выбух народных хваляванняў, самае буйное з іх – Польскае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага”, – падаюць такую фармулёўку складальнікі дапаможніка. Некалькі аўтараў падручніка адхрысціліся ад гэтага азначэння. Паводле журналіста “Нашай Нівы” Арцёма Гарбацэвіча, рэцэнзавалі гэты падручнік людзі, якія маюць сувязі з рознымі фондамі РФ. У прыватнасці, гаворка ідзе пра Рассупрацоўніцтва і фонд “Русскій мір”. Цалкам верагодна, што менавіта на стадыі рэцэнзавання кнігі, да якой мелі дачыненне дзелавыя партнёры пералічаных фондаў, нашае нацыянальна-вызвольнае паўстанне было інтэрпрэтаванае такім чынам.

Пераконваць адэптаў “рускага свету” ў тым, што паўстанне 1863-1864 гадоў мела ў значнай ступені нацыянальны характар не мае сэнсу. Для іх аргументы адносна таго, што цэлая плеяда заснавальнікаў беларускай літаратуры (Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш) былі інсургентамі не маюць ніякай вагі. Гэтаксама як і беларуская мова галоўнага інфармацыйнага выдання паўстанцаў “Мужыцкай праўды”. А што мае, дык гэта антыімперская ідэалогія паўстанцаў. Па сутнасці, непрыманне паўстання з боку прарасейскіх даследчыкаў грунтуецца на антыкаланіяльным змесце нумароў “Мужыцкай праўды”, дзе чорным па белым абгрунтоўваецца неабходнасць нацыянальнага вызвалення ад тыраніі расейскіх цароў. Адзін з лідараў паўстання Кастусь Каліноўскі ў вачах апанентаў беларускага адраджэння – сама менш беларускі аналаг Сцяпана Бандэры з усімі наступствамі.

У сітуацыі з абсурднай ацэнкай паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага  у падручніку па “Рускай літаратуры” можна зрабіць наступныя высновы.

Па-першае, да складання падручнікаў у Беларусі дапускаюцца агенты ўплыву чужых дзяржаваў. Такі факт сведчыць альбо пра поўную прафесійную некампетэнтнасць кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, якое дапусціла ганебную памылку, альбо пра наўмысную маніпуляцыю з мэтай фармавання ў падрастаючага пакалення скажонай карціны беларускага мінулага. Зрэшты, гэтыя дзве версіі цалкам узаемадапаўняльныя.

Па-другое, паўстае пытанне наконт мэтазгоднасці вывучэння ў беларускіх школах прадмета “Руская літаратура” як асобнай дысцыпліны. Азнаямленне школьнікаў з творамі расейскіх класікаў можа адбывацца ў межах курса сусветнай літаратуры. Шчыра перакананы, што эрудыцыя беларускіх дзяцей не надта пацерпіць ад таго, што яны будуць паглыблена вывучаць творы Джорджа Байрана і Віктора Гюго, а не паэмы, скажам, Мікалая Някрасава ці сумнеўную прозу Максіма Горкага. Апроч таго, у тым жа ХІХ стагоддзі не толькі расейцы стваралі высокую літаратуру. У нашых суседзяў палякаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў таксама ёсць мастацкія творы, з якімі варта было б азнаёміцца дзецям. Але перавага ўсё адно надаецца расейскай літаратуры.

Ва ўмовах незалежнай дзяржавы асобны прадмет “Руская літаратура” выглядае перажыткам мінулага, прывітаннем з каланіяльнай эпохі. У такім сэнсе казус “польскага паўстання” – гэта зусім не выпадковасць, а запраграмаваная метраполіяй візія беларускага мінулага, якое не ўпісваецца ў вядомы ідэалагічны канструкт “самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць”. 

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ