Калі б я быў чальцом БРСМ



Калі б я быў актывістам БРСМ, то мной бы ганарылася ўся чыноўніцкая вертыкаль. Я б плаціў час ад часу членскія ўнёскі і ўдзельнічаў у парадах. На афіцыйны Дзень незалежнасці мне б даручылі несці транспарант з надпісам „Квітней, Беларусь”. І пусцілі б прадэфіляваць разам з гарадскім начальствам.

Напярэдадні свята я б сказаў сваім сваякам, каб яны шукалі мяне ў ТВ-трансляцыі ў натоўпе перадавікоў, міліцыянтаў і выдатнікаў вучобы. А калі б не знайшлі, не надта б пераймаўся, бо галоўнае, што мне даручылі несці транспарант „Квітней, Беларусь”. А яшчэ я б рабіў сэлфі з дзяўчатамі ў савецкай вайсковай форме, маладжавымі ветэранамі невядомых войнаў і казакамі.

Калі б загадала начальства, я б надзеў не толькі вышыванку, але і шатландскі кілт. І нават каляровымі анучамі б закруціўся, як воін афрыканскага племені масаі, каб падкрэсліць урачыстасць моманту. А яшчэ б наведаў паказальныя выступы міліцыянераў-кінолагаў, выратавальнікаў „ОСВОД” і памерыў бы артэрыяльны ціск на спецыяльным стэндзе медыкаў. А па заканчэнні мерапрыемства купіў бы шашлык і пакет беляшоў на ўсю сям’ю.

Увечары б схадзіў на канцэрт поп-выканаўцы Алега Газманава. І праспяваў бы з разам са стадыёнам: „Я рожден в Советском Союзе, сделан я в СССР”. А ў канцы дня далучыўся б да акцыі „Праспяваем гімн разам”. Вось такое насычанае жыццё ў мяне было б, каб я быў чальцом БРСМ. Але дзякуй богу, што я ўсё-такі не чалец БРСМ. Сплю спакойна і дыхаю на поўныя грудзі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ