Канец “дон кіхота” лічбавай эпохі



“Ленін здаў Асанжа” – такія сенсацыйныя загалоўкі можна ўбачыць на сусветных інфармацыйных парталах. Здаецца, у сямігадовай гісторыі з прыбываннем аднаго з найбольш вядомых хакераў і актывістаў у свеце на тэрыторыі амбасады Эквадора пастаўленая кропка. Чаму ўлады лацінаамерыканскай краіны адмовілі ў палітычным прыстанішчы Джуліяну Асанжу? 

Журналіст і хактывіст Джуліян Асанж – адна з найбольш супярэчлівых постацяў сучаснага свету, пра якую пішуць тысячы артыкулаў і кніг, здымаюць фільмы і ўвесь час прыводзяць у прыклад у якасці “жывога ўвасаблення сумлення эпохі”. Шырокай публіцы Асанж вядомы тым, што стварыў партал Wikileaks, на якім час ад часу з’яўляецца кампрамат на ўплывовых людзей свету і размяшчаюцца дзяржаўныя таямніцы. Многім героям расследаванняў, якія распачаліся дзякуючы размяшчэнню дадзеных у адкрытым дасягу, праца Джуліяна Асанжа і яго міжнароднай каманды каштавала кар’еры. Над некаторымі аперацыямі спецслужб вайсковых місій краін NATO таксама навісла небяспека пасля публікацыі пэўных зліваў. Сам Джуліян Асанж заяўляе, што менавіта ягонае жаданне змяніць свет стала прычынай зацятага палявання з боку ўрада ЗША і ягоных хаўруснікаў. Афіцыйная ж прычына ягонага добраахвотнага сямігадовага зняволення ў сценах амбасады Эквадора ў Вялікабрытаніі – гэта справа пра гвалт у дачыненні да некалькіх кабет у Швецыі. Што праўда, сам Джуліян Асанж абвяргае такое абвінавачанне, лічыць яго цалкам сфабрыкаваным. Так ці інакш, непакоячыся пра свой лёс, ён бязвылазна цягам 7 гадоў знаходзіўся ў будынку эквадорскага пасольства. Ягоную недатыкальнасць гарантавала міжнароднае права і асабістая сімпатыя экс-прэзідэнта Эквадора Рафаэля Карэа.

Хмары над сівой галавой Джуліяна Асанжа пачалі згушчацца параўнальна нядаўна, калі змянілася ўлада ў гэтай лацінаамерыканскай рэспубліцы. Нягледзячы на тое, што новы кіраўнік Эквадора з гаваркім імем Ленін Марэна таксама прытрымліваецца сацыялістычных поглядаў, як і ягоны папярэднік Рафаэль Карэа, але сталі адбывацца пэўныя змяненні ў знешняй і ўнутранай палітыцы краіны. Выхадзец з левай партыі раптам пачаў дыялог з апазіцыяй і сярэднім бізнесам, стаў дыстанцыявацца ад баліварыянскага альянса. І ўсё б нічога, але партал Джуліяна Асанжа змясціў чарговую порцыю кампрамата на брата Леніна Марэна, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, выклікала заканамерны гнеў з боку эквадорскага прэзідэнта. У прыватнасці, гаварылася пра незаконныя здзелкі і факты карупцыі пры будаўніцтве гідраэлектрастанцыі. Сам прэзідэнт Эквадора гэтыя абвінавачанні адкінуў, назваў іх паклёпам. У выніку дзеянняў Асанжа Леніну Марэна пагражае імпічмент. На гэтым фоне зусім прадказальным стала рашэнне эквадорскіх уладаў пазбавіцца ад баласта, які, да таго ж, стварае столькі праблем на знешнепалітычным фронце. І вось 11 красавіка брытанская паліцыя арыштавала стваральніка Wikileaks, абяцаўшы эквадорскаму боку не выдаваць вязня ў ЗША, дзе яго можа чакаць сама меней працяглае зняволенне.

ЗША маюць зуб на Асанжа за публікацыю кампрамата на першых асобаў дзяржавы, а таксама за зліў інфармацыі пра абставіны правядзення вайсковых аперацый у Афганістане і Іраку. Самы вядомы выпадак – гэта так званы скандал з перадачай сакрэтных звестак ад разведчыка Брэдлі Мэнінга, які прадаставіў журналістам відэаролік з расстрэлам людзей з амерыканскага верталёта ў Багдадзе. Гэтае відэа выклікала шырокі рэзананс, а таксама крытыку дзеяння арміі ЗША з боку міжнародных структур. Зразумела, кіраўніцтва ЗША напрамую зацікаўленае ў тым, каб пастасавацца з Джуліянам Асанжам на прадмет шматлікіх крыніц інфармацыі і ўвогуле расквітацца за дзёрзкасць.

Разам з тым, стыль працы Джуліяна Асанжа, пра які падрабязна распавядаюць ягоныя былыя паплечнікі, развенчвае міф пра Дон Кіхота лічбавай эпохі. У мемуарах некалькіх ягоных калег Джуліян Асанж выступае меркантыльным бізнесоўцам, дыктатарам і маніпулятарам звестак, які можа давесці свет да трагедыі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ