Каронавірус працягвае крочыць па планеце



Каронавірусная пандэмія памяняла лад жыцця мільярдаў людзей на планеце. Нават беларусы, якія, у адрозненне ад суседзяў па глобусе, не ведаюць, што такое “жорсткі каранцін”, адчулі на сабе подых глабальнай перабудовы звыклага светапарадку. Уладальнікі шэнгенскіх візаў зразумелі, што яны цяпер не маюць права на выезд за межы сваёй дзяржавы. Прадуманыя курортнікі, якія набылі на зніжках некалькі месяцаў назад танныя пуцёўкі ў экзатычныя краіны, плануюць адпачынак у Беларусі. Прыватны бізнес, асабліва калі гаварыць пра сферу абслугоўвання, таксама пачынае ўваходзіць у крутое піке. Можна дастаткова пэўна прагназаваць, што ў бліжэйшыя месяцы многія прадпрымальнікі будуць вымушаныя згарнуць свае справы. Раптам аказалася, што той звыклы свет з ягонымі гандлёвымі войнамі, неаімперыялізмам моцных суседзяў, праблемамі з правамі чалавека і несупынным спажываннем насамрэч стаяў на вельмі зыбкім падмурку. Хапіла толькі распаўсюду аднаго вірусу, каб глабальная гаспадарка апынулася ў адным кроку ад прадоння. І хоць няма нашэсця зомбі, перабояў з пітной вадой і распаўсюду канібалізму, як часта малююцца постапакаліптычныя сцэнары ў кінафільмах, але пэўныя нязручнасці новая рэальнасць прынесла ўсім без вынятку. Дыктатары і дэмакратычныя лідары — у аднолькавай разгубленасці ад нечаканай пошасці, на якую няма стандартнага адказу.

На фоне пандэміі, выкліканай падступным covid-19, у асноўным разглядаюцца два сцэнары: увядзенне жорсткага каранціну, альбо кропкавая ізаляцыя носьбітаў каронавірусу. Першы варыянт зарэкамендаваў сябе ў Кітаі, які, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, практычна спыніў эпідэмію. Іншы варыянт прадэманстравалі ўлады Паўднёвай Карэі, якія прынялі эфектыўныя захады па тэставанні вялікай колькасці людзей на каронавірус, а таксама аператыўна ізалявалі хворых людзей ад грамадства. Аднак абодва падыходы спрацоўваюць тады, калі ў эканомік краін ёсць вялікія і чалавечыя, і матэрыяльныя рэсурсы для супрацьстаяння эпідэміі, а кіраўніцтва гэтых дзяржаваў разумее небяспеку ад каронавіруса. У адваротным выпадку цячэнне эпідэміі можа стаць прычынай трагедыі нацыянальнага маштабу.

Ва ўсім, што адбываецца ў свеце па прычыне каронавіруса, цяжка бачыць нешта пазітыўнае. Людзі страчваюць здароўе, працу, не могуць убачыць замежных сяброў, пазбаўляюцца свабоды перамяшчэння. Але, разам з тым, пандэмія дае шанец чалавецтву на тое, каб мы ўзялі паўзу, спынілі на некалькі тыдняў свой бясконцы бег за матэрыяльнымі дабротамі і пачалі цаніць тое, што насамрэч найважнейшае. Сем’і маюць магчымасць пабыць разам, бацькі адарвацца ад гаджэтаў і пачытаць кнігі дзецям… Бізнес можа выкарыстаць сітуацыю для скачка на новы ўзровень, дзякуючы больш актыўнаму выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Дзяржавы, калі яны хочуць застацца на палітычнай мапе свету, павінны дакладна расставіць прыярытэт: жыццё чалавека — безумоўная каштоўнасць. Гэта значыць, праца медыка не менш важная за прафесію футбаліста альбо банкіра.

 

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ