Каталонія не адмаўляецца ад сваіх патрабаванняў



Вось ужо другі дзень у Каталоніі не суціхаюць пратэсты супраць цэнтральных іспанскіх уладаў. Пратэстоўцы ўзводзяць барыкады на чыгуначных шляхах, перакрываюць аўтадарогі і блакуюць аэрапорт у Барселоне. Прыхільнікі руху за незалежнасць Каталоніі імкнуцца выклікаць паралюш транспартнай і дзяржаўнай сістэмы, каб дамагчыся выканання свайго палітычнага патрабавання. Сутнасць гэтага патрабавання – у тым, каб былі скасаваныя абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да членаў ураду Каталоніі, якія спрычыніліся да абвяшчэння незалежнасці гэтай іспанскай аўтаноміі ў 2017 годзе. Лідары руху за незалежнасць Каталоніі атрымалі ў еўрапейскай Іспаніі ад 9 гадоў турмы і вышэй за арганізацыю мірных пратэстаў, якія не прывялі да ахвяр. Гэта і стала трыгерам для новых народных хваляванняў.

Гісторыя праблемных узаемадачыненняў паміж Мадрыдам і Барселонай мае глыбокія карані. Цяперашнія каталонцы лічаць сваёй протадзяржавай каралеўства Арагон, якое аб’ядналася з Кастыліяй у 16 стагоддзі. Юрыдычна Каталонія стала часткай іспанскай кароны ў пачатку 18 стагоддзя. Падчас узнікнення нацыянальных рухаў у Еўропе ў ХІХ стагоддзі каталонцы паспрабавалі аднавіць незалежнасць, але не змаглі. Наступны этап змагання за стварэнне суверэннай дзяржавы адбываўся ў 1930-я гады, але перамаглі фалангісты. Пасля ўсталявання іспанскай нацыяналістычнай дыктатуры каўдыльё Франсіска Франка, каталонцы на некалькі дзесяцігоддзяў былі вымушаныя маўчаць пра свае нацыянальныя памкненні. У канцы ХХ стагоддзя нацыянальны рух Каталоніі актывізаваўся. І з таго часу перыядычна свет назірае за хваляваннямі сотняў тысяч грамадзянаў у гэтай іспанскай аўтаноміі, якія ўсяляк дабіваюцца незалежнасці.

Згодна сацыялагічным даследаванням, прыхільнікі аддзялення Каталоніі не складаюць большасць рэгіёна. Каля 50% жыхароў аўтаноміі альбо па ідэалагічных, альбо па рацыянальных прычынах лічаць неабходным захаваць статус-кво. Супраць мары каталонскіх незалежнікаў таксама еўрапейскае права. Згодна “дактрыны Барозу”, ухваленай у 2004 годзе, любая краіна, якая ўтвараецца ў выніку аддзялення ад іншай краіны-сябра ЕЗ, не можа аўтаматычна ўвайсці ў склад Еўразвязу. Калі перакласці гэтую фармулёўку на больш зразумелую мову, то Брусэль фактычна пагражае ўсім лакальным сепаратызмам ЕЗ шэрагам негатыўных наступстваў, пераважна ў галіне эканомікі: увядзеннем мытных пошлінаў на тавары, якія будуць прыраўнівацца да тавараў з трэціх краінаў, абвалам нацыянальнай валюты, закрыццём пасажырскіх і грузавых перавозак і інш.

З пункту гледжання рацыянальнасці ў жаданні каталонскіх актывістаў дабіцца незалежнасці няма нічога канструктыўнага. Але, нягледзячы на гэта, каталонцы ўсё роўна імкнуцца адасобіцца ад Іспаніі. Гэтая тэндэнцыя з’яўляецца выдатнай ілюстрацыяй тэзіса пра тое, што тэарэтыкі “глабальнага ліберальнага парадку” рана пахавалі нацыі як мадэль арганізацыі соцыюма. Нацыі дагэтуль не толькі з’яўляюцца моцнымі механізмамі салідарнасці грамадзянаў, але і формулай эканамічнага поспеху ў маштабе той ці іншай дзяржавы. Каталонскі кейс паказвае тое, што нават знаходжанне ў адносна камфортных умовах дэмакратычнай і заможнай Іспаніі не здольны пераканаць грамадзянаў у тым, што трэба забыцца на нацыянальныя адметнасці і распусціцца ў еўрапейскай ідэнтычнасці. Для Беларусі, якая дагэтуль не вызначылася з прыярытэтамі нацыябудаўніцтва і не ўсвядоміла сябе як дзяржаватворчая нацыя, гэты выпадак мусіць паслужыць добрым урокам. Ніякая, нават самая дэмакратычная і заможная імперыя, не прынясе грамадзянам упэўненасці ў будучыні і свабоды.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ