Краіна ў складанай жыццёвай сітуацыі



Нашыя чыноўнікі самі сабе ворагі. Спачатку нешта прыдумаюць, а потым шукаюць магчымасці выхаду з сітуацыі. Скажам, той жа дэкрэт аб дармаедах. За некалькі год да ягонага ўхвалення ўвесь час у дзяржаўных СМІ выступалі разнастайныя ідэолагі, якія разважалі пра неабходнасць увядзення грашовага збору на непрацоўных грамадзянаў. Грамадства рэагавала на гэта з гумарам. Ніхто тады ўсур’ёз не верыў, што нехта ва ўладзе насамрэч намераны праштурхнуць дэкрэт. Але наступіў момант ікс. У красавіку 2015 года быў падпісаны акт, пасля якога беларускую Канстытуцыю можна выкінуць на сметнік гісторыі. Права на працу замянілася сучаснай формай паншчыны. Працуеш – плаці падатак. Не працуеш – плаці збор на дармаедства. Заплаціў збор на дармаедства – патлумач падатковай, адкуль узяў грошы. Зачараванае кола…

Няпоўныя працоўныя тыдні, масавыя скарачэнні, дэвальвацыя, смеху вартая дапамога па беспрацоўі – усе гэтыя з’явы ў іншай краіне прывялі б да адстаўкі ўрада. Нават у нашай сітуацыі для тых, хто кіруе, варта было б сядзець ціха, як мышы пад венікам, каб не будзіць ліха. Але з кожнага праса гучаць новыя падрабязнасці пра дэкрэт на дармаедства.

І вось не паспела грамадства адысці ад навагодняга пахмелля, як беларускія падаткавікі агаломшылі суайчыннікаў навіной пра тое, што база дармаедаў усё-такі будзе складзеная да 1 жніўня. Але, праўда, дадалі, што ў праект дэкрэта ўносяцца змены. У прыватнасці, абяцаюць не лічыць дармаедамі бацькоў, што выхоўваюць дзяцей да 10 гадоў. А яшчэ кажуць, што ў змененым дэкрэце будзе палёгка асобам, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Толькі не зусім зразумела, хто будзе вызначаць ступень складанасці сітуацыі. І ўвогуле, што гэта за тэрмін такі юрыдычны „складаная жыццёвая сітуацыя”? Такое адчуванне, што дэкрэт распрацоўвалі аматары літаратуры экзістэнцыялізму, а не выпускнікі юрыдычных факультэтаў. Калі дэкрэт будзе рэалізоўвацца ў тым выглядзе, які ён мае сёння, то ў складанай жыццёвай сітуацыі апынуцца менавіта распрацоўшчыкі. Таму на іх месцы варта было б не займацца псаваннем паперы, а проста скасаваць дэкрэт. Каб не будзіць ліха.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ