Летуценне ці прагматычны разлік?



Уплывовае амерыканскае выданне The Wall Street Journal са спасылкай на ўласныя крыніцы ва ўрадзе ЗША паведамляе пра новую ідэю фікс Дональда Трампа адносна імавернасці набыцця аграмаднага кавалка сушы пад назвай Грэнландыя. Плошча гэтай найбуйнейшай у свеце выспы ў дзесяць разоў перавышае тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым пакрытая ільдамі Грэнландыя практычна не заселеная людзьмі. На цяперашні момант там пражывае менш за 60 тысяч чалавек, з якіх амаль 90% – гэта эскімосы. На першы погляд, калі чытаеш паведамленне пра намер аб набыцці бязлюднай ледзяной пустэчы ў статусным выданні, узнікае міжволі думка пра нейкі жарт, паколькі даўно мінулі часы, калі імперыі за манеты разменьваліся тэрыторыямі. Аднак у кожным жарце ёсць доля праўды. Насамрэч амерыканцы і раней задумваліся пра набыццё арктычнага вострава. У гады ІІ Сусветнай вайны адрэзаная ад Еўропы Грэнландыя па факце адносілася да ЗША, якія забяспечвалі ахову і дастаўлялі жыццёва неабходныя для мясцовага насельніцтва прадукты, медыкаменты і тавары. Што праўда, дапамога тая была ўзаемавыгаднай, бо ад ІІ Сусветнай ЗША ніколі не пакідалі Грэнландыю ў вайсковым сэнсе, стварыўшы там самую паўночную вайсковую авіябазу Туле, якая функцыянуе дагэтуль. Амерыканскае кіраўніцтва належным чынам ацаніла стратэгічнае значэнне гэтай авіябазы, якая дапамагала забяспечваць ахову марскіх караванаў у Арктыцы ў гады ІІ Сусветнай вайны.

На сёння Грэнландыя на правах паўнавартаснай аўтаноміі ўваходзіць у склад Даніі. З пункту гледжання ЗША, якія маюць каласальныя чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы, Грэнландыя пры цяперашнім статус-кво – гэта чамадан без ручкі, які не прыносіць вялікай карысці для дацкага ўласніка. Няма сумневу, што амерыканскія стратэгі маюць сур’ёзныя планы на засваенне гэтай неабжытай прасторы, якая іх цікавіць як з вайсковага, так і з эканамічнага гледзішча. Справа ў тым, што павелічэнне прысутнасці амерыканцаў у Арктыцы дазволіла б ім прэтэндаваць на распрацоўку каласальных радовішчаў вуглевадародаў. Паводле экспертаў ААН, у арктычным шэльфе сканцэнтравана да чвэрці ўсіх сусветных запасаў нафты і газу. Такім чынам, імкненне адміністрацыі Дональда Трампа заключыць здзелку стагоддзя – не летуценні, а сур’ёзныя эканамічныя і ваенныя разлікі. Пытанне ў тым, ці жадаюць самі датчане дзяліцца тэрыторыяй, якая ім належыць з 18 стагоддзя. Зрэшты, зліў інсайдарскай інфармацыі ў газету The Wall Street Journal можа быць таксама блефам амерыканскай адміністрацыі, якая правакуе Расейскую Федэрацыю на далейшую гонку ўзбраенняў. Расеі з кожным годам даводзіцца выдаткоўваць усё больш грошай з бюджэту для таго, каб дэманстраваць усяму свету гатоўнасць абараніць свае інтарэсы і суверэнітэт, што вядзе да запавольвання эканамічнага развіцця і дэградацыі дзяржавы. Гісторыя канца ХХ стагоддзя, калі бясслаўна сышоў з палітычнай мапы свету СССР, відаць, не навучыла ашчаднасці крамлёўскіх уладароў. Як Міхаіл Гарбачоў і яго папярэднікі ў 1980-х увязваліся ў бесперспектыўнае спаборніцтва з высмактанай з пальца касмічнай праграмай ЗША «Зорныя войны», агучанай тагачасным прэзідэнтам Рональдам Рэйганам, так і адміністрацыя Уладзіміра Пуціна імкнецца адначасова ўдзельнічаць у некалькіх вайсковых канфліктах на планеце, ажыццяўляць бесперапынна мадэрнізацыю войска, кантраляваць новадалучаныя тэрыторыі кшталту Крыма і нарошчваць сваю вайсковую прысутнасць у Арктыцы.

Зрэшты, інтарэс ЗША да Арктыкі паказвае, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі яшчэ на адзін праблемны рэгіён на планеце стане больш. Глабальнае пацяпленне адкрывае вялікія магчымасці для шматлікіх дзяржаваў планеты не толькі ажыццяўляць навігацыю ў недаступных раней частках акіяну, але і весці здабычу карысных выкапняў. Да арктычных запасаў прыглядаюцца ў тым ліку і аддаленыя геаграфічна дзяржавы. Той жа Кітай, напрыклад, пачаў інтэнсіўна займацца будаўніцтвам ледаколаў. А ў 2012 годзе першы кітайскі ледакол «Снежны цмок» прайшоў праз арктычныя воды ў Еўропу. Такім чынам, чарга пакупнікоў Грэнландыі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі можа стаць вельмі доўгай.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ