„Мір” на гары чэрапаў



Дзяржаўны тэлеканал АНТ выдаў прапагандысцкі фільм з дзвюх частак пра спробу ваеннага перавароту, у якім нібыта ўдзельнічалі шэраг вядомых у апазіцыйным асяродку асобаў. Тым, хто шкадуе час і нервы, прагляд дадзенай стужкі катэгарычна не рэкамендуецца. Стваральнікі выкрывальніцкай карціны не надта крэатывілі, спрабуючы дэманізаваць апанентаў улады, дзеянні якіх кіруюцца, вядома, сусветнай закулісай. Кім жа яшчэ? Некаторыя гледачы, пачуўшы фрагменты паказанняў Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуты, былі шакаваныя тым, як яны бадзёра прызнаюць віну паводле вельмі цяжкіх артыкулаў. Зрэшты, пытанні да арыштаваных адпадаюць, калі разумець логіку вядзення крымінальнай справы ў дачыненні да палітычных, якая мала змянялася з часоў ЧК і НКВД. Яшчэ пры Феліксе Дзяржынскім праца органаў з “ворагамі сацыялістычнай дзяржавы” заключалася не ў пошуках доказаў віны, а ў выбіванні прызнальных паказанняў. Як мы бачым, у ХХІ стагоддзі ў рэаліях адной еўрапейскай краіны мала што змянілася.

Але ў фільме АНТ усё-такі ёсць адзін акцэнт, на які варта звярнуць ўвагу. Здаецца, сама стужка стваралася не столькі для застрашэння грамадства, колькі для таго, каб паказаць, наколькі крутыя ў нас спецслужбы. Мала таго, што вядуць месяцамі эфектыўную аператыўную гульню, “абараняюць” дзяржаву, дык яшчэ і самі па сабе “прыгажуны” і інтэлектуалы.

Не хочацца паглыбляцца ў пераказ сюжэтнай лініі фільма, але хацелася б звярнуць увагу на адну характэрную дэталь, якую немагчыма не заўважыць. Так, на кадрах допытаў афіцэра спецслужбаў у адстаўцы, спецыяліста па выбухоўках Сідаракіна, можна заўважыць на сцяне рэпрадукцыю карціны расейскага мастака ХІХ стагоддзя Васіля Верашчагіна “Апафеоз вайны”. На згаданым палатне мастак адлюстраваў гару чэрапоў на фоне маляўнічых руін. Аўтар карціны некалі падпісаў свой твор на раме так: “Прысвячаецца ўсім вялікім заваёўнікам — былым, цяперашнім, будучым…” Гэты надпіс на доўгія дзесяцігоддзі ўнёс пэўную блытаніну ў ацэнку спадчыны мастака. Некаторыя мастацтвазнаўцы адразу залічылі мастака ў пацыфісты. Пазней такая ацэнка перакачавала ў савецкае мастацтвазнаўства, адной з магістральных задач якога было апраўданне расейскай культурнай экспансіі ў саюзных рэспубліках. Згодна такой трактоўцы, ў ХІХ стагоддзі імперыя несла дзікім абарыгенам цывілізацыю і мір. І карціны Васіля Верашчагіна з яго яркай экзотыкай выдуманага Усходу дапамагалі ўзвялічваць ролю метраполіі. Калі разумець кантэкст эпохі Верашчагіна, які суправаджаў расейскі экспедыцыйны корпус у заваёўніцкім паходзе ў Туркестане ў канцы ХІХ, адразу адпадаюць ружовыя ўяўленні пра яго як прарока пацыфізму. У чыстым выглядзе — расейскае каланіяльнае мастацтва. Верашчагін, як вядома з яго біяграфіі, удзельнічаў у расправах над жыхарамі Туркестана, якія паўсталі супраць царскай адміністрацыі. Мае ўзнагароды за „абарону” крэпасці Бухары. Праўда, многія біёграфы Верашчагіна не акцэнтуюць, што фартэцыю тую расейскія вайскоўцы абаранялі ад мясцовых жыхароў. У такім разе, што азначае наяўнасць гэтай карціны ў кабінеце аператыўніка, які праводзіў допыт? Магчыма, дадзеная рэпрадукцыя не адлюстроўвае светапогляд уласніка, які проста павесіў карцінку “з чэрапамі” для дэмаралізацыі людзей падчас допытаў. Можна таксама дапусціць, што аўтары малабюджэтнага фільма самі раздрукавалі ў бліжэйшай тыпаграфіі “чэрапы”, каб надаць сюжэту змрочную афарбоўку. Але, так ці інакш, носьбіты такой ідэалогіі, нават калі яны рэтранслююць яе несвядома, вераць у сваё цывілізацыйнае прызначэнне, сутнасць якога — ва ўціхамірванні мясцовых бунтароў і навязванні ім “міра”. Любой цаной. Нават на гары чэрапаў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ