Моцны ўдар па пастулатах афіцыйнага Менску



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўсклаў вянок і памаліўся каля помніка забітых Рамуальдам Райсам “Бурым” беларускіх жыхароў Падляшша ў вёсцы Залешаны. І праз некалькі дзён пасля гэтага жэсту польскага лідара ў афіцыйнай прапаганды няма вострай рэакцыі. Калі не лічыць малаўцямнага тэксту аднаго адыёзнага аўтара “Беларусі Сёння”. Дэзарыентацыя праўладных публіцыстаў звязаная з тым, што Варшава нанесла моцны ўдар па пастулатах афіцыйнага Менску, які стварае міфалогію пра абсалютную несумяшчальнасць польскага і беларускага нацыянальных праектаў. Па сутнасці, нават абвяшчэнне новага дзяржаўнага свята так званай Народнай еднасці, якое мае адзначацца 17 верасня з нагоды падзей 1939 года, павінна замацаваць у масавай свядомасці ўстаноўкі пра ворагаў з-за Буга, якія толькі спяць і бачаць, як бы гэта адарваць кавалак Беларусі.

У апошнія гады вакол злачынных дзеянняў камандзіра антыкамуністычнай партызанкі Рамуальда Райса ў Польшчы віравалі сур’ёзныя дыскусіі. Пазіцыя падляшскіх беларусаў зразумелая і не патрабуе дадатковага тлумачэння. Што да польскага грамадства, то ўспрыманне ягоных учынкаў залежыць ад таго, якія каштоўнасці падзяляе той ці іншы чалавек. І справа тут не ў падзеле на правых кансерватараў ці левых сацыялістаў, колькі ў тым, ці лічаць удзельнікі дыскусіі жыццё найвышэйшай каштоўнасцю. Калі дакладней, ці здольныя адчуваць эмпатыю, суперажыванне да нявінных ахвяраў.

З пазіцыяй дзяржаўных інстытуцый адносна Рамуальда Райса сітуацыя выглядае складаней. У свой час Інстытут нацыянальнай памяці (IPN), вывучыўшы матэрыялы справы, даў фармулёўку, што ў дзеяннях аддзела “Бурага” ёсць прыкметы генацыду. І з такой высновай, зрэшты, не спрачаліся мясцовыя беларусы. Але ўжо праз некалькі гадоў высновы IPN пераглядзеліся, а сам партызанскі камандзір быў рэабілітаваны. Перагляд ягонай справы, аднак, нічога не змяніў у стаўленні падляшскіх беларусаў да фактаў сваёй трагічнай гісторыі. Упартасць беларусаў не падабалася некаторым прадстаўнікам праварадыкальных рухаў, якія пачалі ладзіць маршы ў гонар “Бурага” і іншых вайсковых злачынцаў на тэрыторыі кампактнага пражывання беларусаў. Маўклівая рэакцыя цэнтральных польскіх уладаў на такія маршы, дала карты ў рукі афіцыйнаму Менску, які паспрабаваў выкарыстаць канфлікт у прапагандысцкіх мэтах.

У падляшскіх беларусаў, калі прааналізаваць шматлікія рэакцыі і допісы ў сацыяльных сетках, збольшага станоўчае стаўленне да ўчынка прэзідэнта Анджэя Дуды. Зразумела, у мясцовых ёсць свае прэтэнзіі да акцэнтаў асцярожнай прамовы кіраўніка Польшчы, які так і не сказаў адназначна, хто быў вінаваты ў забойстве жыхароў беларускіх вёсак. Але сам факт таго, што першая асоба дзяржавы пайшла на такі важны крок, абнадзейвае. Такім чынам, польская дзяржава дэманструе, што яна сапраўды з’яўляецца домам для беларускіх аўтахтонаў з Падляшша. Больш за тое, учынак Анджэя Дуды нейтралізуе антыпольскую прапаганду ў самой Беларусі. І закладае трывалы падмурак пад сяброўскае суіснаванне двух народаў (польскага і беларускага) у бліжэйшай перспектыве.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ