Намер Сяргея Калякіна



Прайшлі тыя часы, калі беларускую апазіцыю можна было ўмоўна лічыць адзінай. З 2006-га года, калі шэраг палітычных партый і рухаў у выніку працяглых і няпростых перамоваў выйшлі на вылучэнне адзінага кандыдата, падобнага поспеху больш не паўтарылася. Тады выбар Аляксандра Мілінкевіча, нягледзячы на канчатковыя лічбы ад ЦВК, быў дастаткова вялікай удачай. Наяўнасць аднаго лідара мабілізавала прыхільнікаў пераменаў і аўтаматычна надала “адзінаму” легітымнасць для вядзення перамоваў з заходнімі партнёрамі. Што праўда, і тады частка апазіцыйных сілаў не пайшла на дыялог, падтрымаўшы былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, які паспрабаваў весці выбарчую кампанію ў агрэсіўнай манеры ранняга Аляксандра Лукашэнкі. А 25-га сакавіка 2006 года ён узначаліў калону дэманстрантаў, якая рухалася ў бок ізалятара Акрэсціна – беларускай Бастыліі. Скончылася гэтая авантура чакана: брутальным разгонам, затрыманнем сотняў людзей і турэмным тэрмінам для Аляксандра Казуліна.

На наступных выбарах 2010 года апазіцыйныя сілы нават і не спрабавалі прыкладаць сур’ёзныя намаганні для аб’яднання, пайшоўшы некалькімі калонамі. Кожны з кандыдатаў выкарыстоўваў сваю тактыку, якая знайшла сваю адрасную групу. Прыхільнікі мірнай эканамічнай трансфармацыі ўбачылі сваіх кандыдатаў у Алесю Міхалевічу і Яраславу Раманчуку. Частка нацыянальна арыентаванай публікі падтрымала Віталя Рымашэўскага, Рыгора Кастусёва і Уладзіміра Някляева. Найбольш радыкальна настроеныя грамадзяне ўбачылі ў якасці лідара Мікалая Статкевіча, які сваёй бескампраміснай рыторыкай заваяваў сэрцы многіх выбарцаў. Праеўрапейская частка грамадства прагаласавала за Андрэя Саннікава. Пры празрыстым падліку галасоў і справядлівых выбарах беларускае грамадства ўжо тады магло б займець шанс на тое, каб краінай пачаў кіраваць іншы прэзідэнт. Але ва ўмовах аўтарытарызму адсутнасць еднасці была пісьменна выкарыстаная ўладамі, якая нанесла паразу дэмакратычным сілам, зладзіўшы пабоішча на плошчы Незалежнасці ў дзень выбараў. Здавалася б, негатыўны досвед меўся б навучыць палітычных лідараў больш адказна ставіцца да працэсу аб’яднання, імкнуцца ахвяраваць уласнымі і вузкапартыйнымі інтарэсамі дзеля пазітыўных пераменаў, але ў 2019 годзе апазіцыя дэманструе гатовасць наступіць на тыя ж граблі, што і ў 2010 годзе.

На гэты момант вядома пра тое, што на будучыя прэзідэнцкія выбары апазіцыя пойдзе некалькімі калонамі. Кандыдатуру Мікалая Статкевіча збіраецца вылучаць Беларускі Нацыянальны Кангрэс, які аб’ядноўвае некалькі рухаў праеўрапейскай скіраванасці і частку актывістаў прафсаюза РЭП. Правацэнтрысцкая кааліцыя (БХД, АГП і Рух “За свабоду”) вызначыць прэтэндэнта шляхам праймэрыз. Без сумневаў, свайго кандыдата вылучыць рух “Гавары праўду”. Нельга выключаць удзелу ў выбарах і цяперашніх дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай. І вось на днях пра свае намеры на ўдзел у выбарах абвясцілі сябры партыі “Справядлівы свет”, лідар якіх Сяргей Калякін ужо заявіў, што ў якасці суперніка бачыць толькі цяперашняга кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку.

Відавочна, няздольнасць і нежаданне дэмакратычных сілаў дамаўляцца міжсобку паказвае, што апазіцыйныя лідары не разглядаюць прэзідэнцкія выбары як магчымасць барацьбы за ўладу. Усе працягваюць хадзіць па зачараваным коле пад назвай “выкарыстанне выбараў для папулярызацыі ідэй”. А гэта значыць, што пасля некалькіх месяцаў драйва сітуацыя мае вярнуцца пад кантроль цяперашніх уладаў. Чарговы раз дэзарыентаваныя беларускія выбарцы будуць паціскаць плячыма, калі ўбачаць у бюлетэнях дзясятак прозвішчаў кандыдатаў, пра якіх яны забудуцца адразу па выхадзе з выбарчых участкаў

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ