Небяспека зачысткі Ганконга



Вось ужо цягам усяго лета 2019 года бізнесоўцы, клеркі, абслугоўваючы персанал, супрацоўнікі IT-індустрыі і менеджары ладзяць маштабныя пратэсты супраць умяшальніцтва Кітая ва ўнутраныя справы аўтаноміі Ганконг. Каб зразумець маштабы пратэстаў, уявіце, што ў цэнтры Менска выйшлі б на акцыю непадпарадкавання каля 2 мільёнаў чалавек, а большасць насельніцтва Беларусі аказвала б ім усебаковую падтрымку. Падставай для выхаду мільёнаў ганконгцаў стала спроба прасунуць кіраўніцтвам кітайскай кампартыі Закон “Аб экстрадыцыі”, паводле якога любога грамадзяніна, якога аднясуць да катэгорыі нядобранадзейных, могуць перамясціць на тэрыторыю мацерыковага Кітая з усімі негатыўнымі наступствамі. Жыхары Ганконга справядліва падазраюць, што пад прэтэкстам гэтага закону кампартыя правядзе зачыстку фінансавага цэнтру ад іншадумцаў і дысідэнтаў, якія знайшлі сабе паратунак у гэтай частцы Кітая.

Гісторыя спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Ганконг дае адказ на пытанне, чаму ўлады камуністычнага Кітая гатовыя распачаць рэпрэсіі супраць суродзічаў. У адрозненне ад Усходняга Туркестана, заселенага уйгурамі, і Тыбета, дзе жывуць прадстаўнікі іншай нацыі і культуры, абсалютная большасць ганконгцаў – этнічныя кітайцы-носьбіты кантонскага дыялекта кітайскай мовы. Адарванасць гэтага народу ад жыхароў мацерыковага Кітая абумоўленая паразай Імперыі Цын у ІІ Опіюмнай вайне ў 1860-м годзе, у выніку чаго будучы Ганконг перайшоў пад панаванне брытанскай кароны. У 1898 годзе Брытанія ўзяла гэтую тэрыторыю ў арэнду на 99 гадоў. Цягам наступнага стагоддзя англійскія штыхі абаранілі Ганконг ад жахаў грамадзянскіх войнаў, культурнай рэвалюцыі Мао Цзэдуна і камуністычных эксперыментаў. Гэтая частка Кітая развівалася ў рэчышчы дэмакратычнага Захаду з абавязковымі палітычным плюралізмам, свабодай СМІ, бізнесам і мясцовым самакіраваннем, а тамтэйшая сістэма адукацыі была створаная па вобразе англійскай. Словам, менавіта Ганконг стаў паспяховым прыкладам кітайскага нацыянальнага праекту, які асабліва кантраставаў на фоне камуністычнага альтэр-эга. У 1997 годзе былыя каланізатары адсалютавалі ганконгцам і назаўжды пакінулі тэрыторыю Каўлунскай паўвыспы і вострава Ланьтаў, заключыўшы, што праўда, з Пекінам пагадненне аб шырокай аўтаноміі да 2047 года. На практыцы ж бізнес-эліты КНР і Ганконга вельмі хутка паразумеліся і пачалі крок за крокам адбіраць правы ў жыхароў былой ангельскай калоніі.

Перыядычна незадаволенасць сітуацыяй выводзіць ганконгцаў на вуліцы. Сёлета акцыі пратэсту вельмі масавыя і працяглыя, грамадзяне не толькі збіраюцца на вуліцах мегаполісу, але і ладзяць страйкі, што паралізуюць грамадскі транспарт і працу публічных установаў. Раз-пораз у розных кропках Ганконга здараюцца сутычкі з кітайскай паліцыяй. І вось, паводле паведамленняў заходніх СМІ і амерыканскай выведкі, у сітуацыю гатовая ўмяшацца Народна-вызвольная армія Кітая, што непазбежна прывядзе да масавых ахвяр сярод цывільнага насельніцтва.

Некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што Кітай не наступіць на тыя граблі, на якія ён трапіў у 1989 годзе, разагнаўшы гвалтам мірную студэнцкую дэманстрацыю на пекінскай плошчы Цяньаньмэнь. Маўляў, у цяперашні час камуністы больш дбаюць пра рэпутацыю, чымся раней. Але для адказу на гэтае пытанне варта прыглядзецца да біяграфіі цяперашняга правадыра кампартыі КНР таварыша Сі Цзіньпіна, які трапіў у склад палітбюро прама ў званні генерал-маёра Народна-вызвольнай арміі. Зрэшты, пры фінансавай і палітычнай нямогласці раз’яднанага Захаду кітайскі цмок наўрад ці будзе лішні раз пераймацца пытаннямі свайго іміджу. Заходнія лідары баяцца нават сустрэцца з тыбецкім духоўным лідарам Далай-Ламай, каб не выклікаць гнеў Паднябеснай, не кажучы ўжо пра тое, каб пайсці на рашучыя меры ў дачыненні да магутнага Кітая. Такім чынам, жыхары Ганконга фактычна засталіся сам насам у супрацьстаянні з камуністычным волатам.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ