Новы Чарнобыль ці нязначная аварыя?



У Архангельскай вобласці Расеі днямі здарылася чарговая надзвычайная сітуацыя, якую заўважылі не толькі жыхары навакольных рэгіёнаў, але і сусветныя інфармацыйныя агенцыі. Пра выбух, які здарыўся падчас выпрабаванняў вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі міжкантынентальнай ракеты “Буравяшчун” на вайсковым палігоне Нёнокса выказаўся нават прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які ахарактарызаваў сітуацыю адным ёмістым словам: “нядобра”. І толькі вышэйшае кіраўніцтва РФ працягвае гуляць “у маўчанку”, прытрымліваючыся мадэлі паводзінаў савецкіх генеральных сакратароў.

Што ж адбылося насамрэч на вайсковым палігоне на расейскай Поўначы? Паводле разнастайных звестак, якімі поўніцца Інтэрнэт, 9 жніўня падчас аднаго з выпрабаванняў ракеты “Буравяшчун” адбылася дэтанацыя з выкідам радыяцыйных элементаў у навакольнае асяроддзе. У выніку здарэння загінула сама меней 5 фізікаў-ядзершчыкаў, якіх з прыкметамі апраменьвання і камбінаваных траўмаў даставілі ў адну з маскоўскіх бальніц. Пасля выбуху пра сітуацыю выказаліся мясцовыя ўлады, якія заявілі пра падвышэнне ўзроўня радыяцыі ў Северадзвінску. На некаторы час нават закрылі для судаходства і рыбнай лоўлі Дзвінскую затоку. “Расатам” пасля шматлікіх зваротаў СМІ прызнаў, што пасля аварыі насамрэч мела месца “кароткачасовае падвышэнне радыяцыйнага фону” (у 4 і 16 разоў). Што праўда, пазней расейскія ўлады заявілі пра нармалізацыю абстаноўкі. Зразумела, такія дзеянні ўладаў толькі дадаткова справакавалі хвалю панічных настрояў сярод жыхароў шэрагу гарадоў Архангельскай вобласці, якія кінуліся ў аптэкі набываць ёд, што адразу стаў дэфіцытам.

Здарэнне ў Нёнокса паказала поўную неадэкватнасць расейскага кіраўніцтва, якое замест хуткай рэакцыі на падзею, удзельнічала пад трыкалорамі ў эксцэнтрычным мотапрабегу з байкерамі ў анексаваным Крыме. А расейская прапагандысцкая машына, нягледзячы на шалёныя памеры бюджэта, забуксавала ў багне людскога нявер’я. Як і ў познесавецкія часы, калі адна тэхнагенная катастрофа ў СССР змянялася іншай, народ канчаткова перастаў верыць прапагандзе, якая эфектыўна працуе для мабілізацыі супраць ворагаў, але бяссільная ў выпадку надзвычайных здарэнняў. Больш за тое, расейскае насельніцтва, відаць, засвоіла безумоўны рэфлекс ад сваіх бацькоў і дзядоў: калі дзяржава гаворыць, што сітуацыя ў норме, значыць, трэба бегчы ў аптэку ці ўвогуле ўносіць ногі як мага далей.

Хоць дэталяў здарэння на палігоне Нёнокса расейскія афіцыйныя асобы не агучваюць і, шчыра кажучы, сумнеўна, што грамадскасць пачуе калі-небудзь больш-менш поўную інфармацыю, але карціна складваецца досыць змрочная. Колькасць няшчасных здарэнняў у сферы новых узбраенняў, якія адбываюцца ў Расеі апошнім часам (згадайма нядаўнюю трагедыю на суперсакрэтнай падводнай лодцы “Лашарык”), паказвае, што кіраўніцтва гэтай дзяржавы ўсур’ёз намерана выйсці на іншы тэхналагічны ўзровень вядзення планетарных войнаў. Для беларусаў гэта навіна нічога добрага не нясе. Асабліва калі ўлічыць, што Беларусь знаходзіцца якраз паміж молатам і кавадлам у геапалітычным сэнсе. Зрэшты, і самім расейцам, якія штогод назіраюць падвышэнне ваенных выдаткаў, таксама ад напампоўвання мілітарнай велічы ні цёпла, ні халодна. Як паказвае сітуацыя з выбухам ракеты ў Архангельскай вобласці, расейскія грамадзяне ўсё часцей становяцца закладнікамі палітыкі сваіх элітаў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ