Няправільны саюз



Цяжка быць еўраскептыкам у Еўразвязе. Каб крытыкаваць ЕЗ, трэба адсочваць сумныя пасяджэнні еўрапарламента, разбірацца ў нюансах работы наднацыянальнага бюракратычнага апарату і аналізаваць вынікі міграцыйнай палітыкі. Нават самыя гучныя спрэчкі паміж дзяржавамі ЕЗ, якія выліліся ў судовыя справы, – жахлівая нуда. Згадаць хаця б рэзанансны „Касіс дэ Дыжон”, у выніку чаго ЕЗ перажыў антыманапольную міні-рэвалюцыю. Фабула справы была такая: французы з горада Дыжон вырашылі пастаўляць у Нямеччыну лікёр з чорнай парэчкі, а немцы надумалі гэтаму супрацьдзейнічаць. Маўляў, па нямецкіх стандартах, лікёр павінен утрымліваць мінімум 25% спірту, а ў французскім пітве няма і 20%. І пад гэты шумок спрабавалі, значыцца, нямецкія заканадаўцы не дапусціць французскага імпарту. Здарылася гэта яшчэ ў далёкім 1978 годзе. Як і варта было чакаць, французы перамаглі без ветлівых чалавечкаў у камуфляжы. Праз суд. Вынікам гэтага працэсу стала тое, што тавары, якія дапускаюцца да продажу ў адной краіне ЕЗ, могуць свабодна прадавацца ў любой іншай дзяржаве, якая ўваходзіць у ЕЗ. Карацей, быць еўраскептыкам – складаная гэта навука.

А вось беларусу, які жыве ў рэаліях так званага Мытнага саюза, куды прасцей стаць гэтым самым антысаюзным скептыкам. У нас ад пачатку, як толькі запусцілі гэты інтэграцыйны праект, усё пайшло дагары нагамі. Спярша забаранілі ўвозіць патрыманыя легкавыя аўто з ЕЗ, хоць у Беларусі машыны на той час не выраблялі. Для чаго? Каб абараніць рынак. Толькі не свой, а расейскі. Потым увялі нормы тэхрэгламенту для прадпрымальнікаў „Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”, які абавязаў ІП мець сэртыфікаты на тавары, што імпартуюцца ў Беларусь. І не бяда, што ў самой Расеі тры чвэрці тавараў лёгкай прамысловасці рэалізуецца нелегальна.

А ў апошнія дні ўвогуле на нашых вачах адбываецца проста трагікамедыя пад назвай „Агонія настальгічнага саюза”. Спачатку РФ у аднабаковым парадку ўвяла санкцыі супраць Захаду, не параіўшыся са сваімі партнёрамі. У Крамлі яшчэ і пакрыўдзіліся на Беларусь і Казахстан, якія ўводзіць санкцыі ў знак салідарнасці, зразумела, і не збіраліся. Потым на рынках Расіі сталі з’яўляюцца знакамітыя беларускія крэветкі і яблычкі, падазрона падобныя на польскія. РФ зноў абурылася. На кардоне пачалі правяраць грузы з Беларусі, якія па дакументах накіроўваюцца транзітам у Казахстан, хоць няма гарантыі, што насамрэч не ў якое-небудзь Падмаскоўе… Гэта вам не дыжонскі лікёр, дзе вымяралі градусы. Тут схемы куды больш тонкія і прыбытковыя. У ніякія суды ніхто не звяртаецца, бо ў нашай частцы свету такога не прынята. У адказ, праўда, Расея забараніла прадукцыю некалькіх беларускіх мясных камбінатаў і малаказаводаў. Добра, што гэтым разам абышлося без зялёных чалавечкаў. І на гэтым, як кажуць, дзякуй.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ