Пабочны эфект ад спартовых дасягненняў любой цаной



Дзяржпрапагандысты РФ у замяшальніцтве. Пасля рашэння міжнароднай антыдопінгавай агенцыі WADA аб адхіленні расейскіх спартоўцаў ад буйных спаборніцтваў, у тым ліку Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету, як бы і хочацца ім напоўніцу ўключыць рэжым абвінавачання падступнага Захаду ў чарговай хвалі “русафобіі”, але ад гэтага сітуацыя не зменіцца. Усё роўна спартовыя чыноўнікі РФ абавязаныя выконваць патрабаванні міжнародных структур, калі, вядома, хочуць далей прэтэндаваць на статус спартовай дзяржавы. Хаця некаторыя высокапастаўленыя асобы ўсё-такі не стрымаліся. Прэс-сакратарка расейскага МЗС Марыя Захарава завяла звыклую кружэлку пра тое, што санкцыі “WADA – гэта спроба выціскання Расеі з міжнароднага спорту з дапамогай палітыкі”. Амаль слова ў слова паўтарыў гэтую фразу віцэ-спікер Дзярждумы РФ Пётр Талстой.

Зрэшты, эмацыйныя эскапады чыноўнікаў і сервільных палітыкаў скіраваныя хутчэй на ўнутраную расейскую аўдыторыю, якая не надта імкнецца разумець прычыны крызісу спорту і ўвогуле не спрабуе спасцігнуць прычынна-выніковую сувязь паміж заявамі пра “ўставанне з каленяў” і спартовымі дасягненнямі любой цаной. А вось адказныя чыноўнікі з расейскай антыдопінгавай агенцыі РУСАДА паводзяць сябе куды больш стрымана. Яны цудоўна разумеюць, што прэтэнзіі сусветных бюракратычных спартовых арганізацый кшталту Міжнароднага алімпійскага камітэту і WADA цалкам абгрунтаваныя, паколькі ёсць неабвержныя доказы падмены вынікаў допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў, якія сістэматычна і на дзяржаўным узроўні адбываліся ў РФ з 2014 года па цяперашні час. За ўсе гэтыя факты грэблівага стаўлення да стандартаў сумленнай барацьбы ў дачыненні да РФ і былі прынятыя досыць жорсткія меры. Хаця, як зазначаюць некаторыя спартовыя аглядальнікі, МАК і WADA насамрэч маглі б пайсці ў санкцыях яшчэ далей. Напрыклад, эксперт вашынгтонскага Гудзонаўскага інстытута Дэвід Сатар заўважае, што прадастаўленне права расейскім спартоўцам, якіх не злавілі на ўжыванні допінга, выступаць пад нейтральнымі сцягамі пакідае для Масквы магчымасць для прапагандысцкіх заяваў. Маўляў, глядзіце нас дыскрымінуюць, а мы ўсё роўна перамагаем. Эксперт мяркуе, што ў якасці пакарання трэба ўвогуле забараніць выступаць расейскім спартоўцам на міжнародных статусных спаборніцтвах да таго моманту, пакуль сітуацыя з ужываннем допінг-сродкаў не зменіцца. 

Адметна, што паваротным пунктам у допінг-скандале, звязаным з РФ, з’яўляецца Зімовая Алімпіяда ў Сочы 2014 года, якая стала адным з ключавых прапагандысцкіх шоў рэжыма Уладзіміра Пуціна.  Па выніках гэтай Алімпіяды Расея апынулася на першым месцы па колькасці залатых медалёў, аднак у звязку з выкрывальніцтвам шырокага выкарыстання допінгу расейскімі пераможцамі РФ была пазбаўленая некаторых узнагародаў. Зразумела, палітычныя рэжымы, падобныя сучаснаму расейскаму, маюць пастаянную патрэбу ў падтрыманні ілюзіі ў свайго насельніцтва ў велічы і правільнасці абранага шляху. Найпрасцейшы варыянт стварэння адпаведнага настрою і гонару за сваю дзяржаву – гэта зусім не правядзенне балючых сацыяльных і эканамічных рэформаў, мадэрнізацыя прамысловасці і развіццё грамадзянскай супольнасці. Куды прасцей задурыць людзям галаву поспехамі ад арганізацыі статусных спартовых спаборніцтваў, на якіх спартоўцы здабываюць максімальную колькасць узнагародаў. 

Рашэнне WADA аб забароне на выступы расейскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах – заканамерная кара за непавагу да закону, які мусіць быць аднолькавым для ўсіх без выключэння. На гэтым фоне паказальная рэакцыя некаторых тытулаваных беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў, якія ў каментарах для незалежных СМІ называюць рэчы сваімі імёнамі і гавораць пра тое, што вялікі спорт у Расеі пераўтварыўся рукамі дзялкоў і прапагандыстаў у пасмешышча.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ