Палітычная недабачлівасць і наіўнасць



Калі пасля апошніх парламенцкіх выбараў у асяроддзі апазіцыянераў разгарэліся дэбаты вакол прадастаўлення двух мандатаў прадстаўніцам дэмакратычнага руху Алене Анісім і Ганне Канапацкай, многія ўмераныя апаненты ўлады палічылі, што адмаўляцца ад шанса на мірныя перамены не трэба. Хоць, вядома, усур’ёз ніхто і не думаў, што кандыдаты ў дэпутаты Ганна Канапацкая і Алена Анісім насамрэч перамаглі на сваіх акругах у выніку падтрымкі большасці выбарцаў і справядлівага падліку галасоў. Відавочна, рашэнне аб прызначэнні гэтых двух дэпутатак прымалася на самым версе. І застаецца толькі здагадвацца, якімі матывамі кіраваўся рэжысёр дадзенага прадстаўлення. Магчыма, ён імкнуўся паказаць Захаду прагрэс у пытанні дэмакратызацыі і лібералізацыі.

Адмова ад дэпутацкіх пасведчанняў у той момант успрымалася многімі як безадказная пазіцыя, якая пазбаўляе грамадства перспектыў на “круглы стол”, паколькі вядзе да радыкалізацыі супрацьстаяння. Аднак некалькі год працы дэпутатак у складзе так званага парламенту паказалі, што гэты орган заканадаўчай улады так і не стаў месцам для дыскусій, для генеравання прагрэсіўных і патрэбных заканадаўчых актаў. Эксперымент з дэпутацтвам двух апазіцыянерак не прывёў да сутнасных пераменаў на палітычным полі. Затое так званых дэпутатаў і сенатараў сталі прымаць на самым высокім узроўні на Захадзе.

Апошняя ініцыятыва дэпутаткі Ганны Канапацкай, якая неўзабаве заявіць пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, — сама меней палітычная недабачлівасць і наіўнасць. Так, Ганна Канапацкая прапанавала правесці рэферэндум па пытанні Саюзнай дзяржавы. “Братэрскім народам Беларусі і Расеі Саюзная дзяржава як палітычны праект не патрэбная. А для эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, у падтрымку якой на першым беларускім рэферэндуме выказалася больш за 83% грамадзян краіны, і існуе ЕАЭС”, — агучыла прапанову дэпутатка. На першы погляд, у гэтай ініцыятыве насамрэч ёсць прыкметы рацыё, паколькі на фоне адраджэння імперскай палітыкі Крамля палажэнні Дамовы “Аб саюзнай дзяржаве” ўзору 1999 году нясуць прамую пагрозу існаванню Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Увасабленне нават некаторых пунктаў Дамовы (адзіная валюта, адзіны эмісійны цэнтр, адзіны ўрад і парламент) вядзе да страты кантролю ўлады над дзяржавай. Такім чынам, улады Беларусі ў цяперашні момант таксама зацікаўленыя ў тым, каб праект “Саюзнай дзяржавы”, які спрабуе рэанімаваць спецпрадстаўнік Уладзіміра Пуціна ў Беларусі Міхаіл Бабіч, згарнуўся. І лепш за ўсё, каб кропку ў пытанні Саюзнай дзяржавы паставіў “народ”.

Нездарма Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з Уладзімірам Пуціным у Сочы ў лютым гэтага году, заявіў наступнае: “Мы (з Пуціным – заўвага аўт.) заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы, на гэта — пытанне”. То бок, упершыню за доўгія гады кіравання Аляксандр Лукашэнка апеляваў да волі народа як палітычнага суб’екта. У ранейшыя гады меркаваннем “народа” асабліва ўлады не цікавіліся, а тут такі нечаканы рэверанс. Прапанова Ганны Канапацкай у гэтым кантэксце павінна разглядацца як аказанне паслугі ўладзе, якая мае ўсе напрацаваныя механізмы для забеспячэння патрэбнага выніку на выбарах і рэферэндумах. Але ў такім, на першы погляд, бездакорным сцэнары ўсё-такі ёсць вялікая хіба. Незадаволенасць беларускага грамадства бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй можа выліцца ў пратэстнае галасаванне. А дамінаванне ў інфармацыйнай прасторы прарасейскіх СМІ можа выклікаць дэстабілізацыю палітычнай сітуацыі. Такім чынам, вынясенне дадзенага пытання на рэферэндум пры цяперашнім раскладзе можа стаць дадатковым фактарам “разгойдвання лодкі”.

Разам з тым, пытанне з так званай Дамовай “Аб Саюзнай дзяржаве” ўсё-такі варта вырашаць у бліжэйшыя пару год – менавіта столькі часу застаецца Беларусі, каб мінімізаваць рызыкі ад барацьбы Уладзіміра Пуціна за ўладу ў 2024 годзе, які, без сумневу, разглядае варыянт з узначаленнем Саюзнай дзяржавы як добрае выйсце для захавання прэзідэнцкага крэсла.  У гэтым звязку куды больш бяспечным варыянтам была б дэнансацыя Дамовы дэмакратычна абраным парламентам дзяржавы. А для гэтага высілкі апазіцыйных сілаў павінны быць сканцэнтраваныя не на прэзідэнцкай кампаніі (вынікі гэтага змагання прадказальныя), а на будучых парламенцкіх выбарах. Але прэзідэнцкую гонку трэба выкарыстаць для папулярызацыі ідэі дэнансацыі Дамовы і стварэння агульнанацыянальнага руху, які мог бы патэнцыйна трансфармавацца ў парламенцкую партыю.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ