Палітык, для якога лозунг “За нашу і вашу свабоду” не быў пустым гукам



Забойства прэзідэнта Гданьска Паўла Адамовіча стала тэмай, якая аб’яднала дзясяткі маіх фрэндаў па фэйсбуку з Польшчы, Украіны і Беларусі. Звычайна многія гэтыя людзі, сыходзячы са свайго жыццёвага досведу, нацыянальнай прыналежнасці альбо палітычных поглядаў, не асабліва маглі дамовіцца па некаторых прынцыповых пытаннях. Але ў гэтым выпадку практычна ўсе выказваюць словы шкадавання і спачування родным ахвяры. Польскія сябры выказваюцца прыблізна ў адным рэчышчы: трагедыя стала вынікам шматгадовага дамінавання мовы нянавісці ў медыя, калі ідэалагічныя апаненты не надта стрымлівалі сябе ва ўзаемных абвінавачаннях і абразах, калі прадастаўлялася трыбуна для экстрэмістаў, калі пераследваліся прадстаўнікі меншасцяў. Украінцы заяўляюць пра тое, што Павел Адамовіч быў вельмі прыязным да іх народа, падтрымліваў украінскую дыяспару і выказваў дастаткова нетыповыя для прадстаўнікоў польскага палітыкуму думкі ў падтрымку Украіны.

Беларусы, як выявілася, таксама лічылі забітага мэра Гданьска “сваім чалавекам”.  Многія вядомыя ў нас асобы пасля нападу на палітыка ўзгадалі пра свае сустрэчы, на якіх Павел Адамовіч з вялікай павагай гаварыў пра Беларусь. У 2007 годзе назад ён спрычыніўся да адкрыцця помніка Янку Купалу ў сваім горадзе, падтрымліваў закрыты беларускімі ўладамі Беларускі ліцэй. На сваёй Інтэрнэт-старонцы Павел Адамовіч змяшчаў нататкі пра паездку ў Беларусь у 2009 годзе, у якіх ён з захапленнем апісваў свае падарожжы ў Полацк, Наваградак, Менск і Гародню. Застаючыся патрыётам Польшчы, ён не забываўся пра свае карані. У інтэрв’ю “Радыё Рацыя” беларуская дзяячка Гданьска Лена Глагоўская прывяла малавядомыя факты з біяграфіі Паўла Адамовіча, якія шмат у чым тлумачаць ягоную адкрытасць і талерантнасць. Паводле спадарыні Алены, бабуля палітыка паходзіла са Смаргоні, а бацька Рышард нейкі час быў вучнем Віленскай беларускай гімназіі.  

Забойства папулярнага і перспектыўнага палітыка, які каля 2 дзесяцігоддзяў кіраваў Гданьскам, адбылася падчас святочнага дабрачыннага канцэрту. Злачынства здзейсніў чалавек з крымінальнай біяграфіяй, які ў першыя секунды пасля замаху паспеў пракрычаць няўцямныя і абсурдныя словы пра несправядлівае змяшчэнне яго ў турму, пра катаванні з боку апазіцыйнай ліберальнай партыі “Грамадзянская платформа”. І асоба забойцы, і абставіны здарэння, і рэакцыя на гэта публікі ставяць напад на Паўла Адамовіча ў адзін шэраг з забойствамі Джона Кенэдзі, Марціна Лютэр Кінга, Махатмы Гандзі, Беназір Бхута і іншых знакавых постацяў ХХ стагоддзя. Без чыну гэтых людзей мы не можам уяўляць нашае цяперашняе жыццё, дзе маюць права голаса прадстаўнікі рэлігійных і нацыянальных меншасцяў, у якім прысутнічаюць як рэальнасць новыя незалежныя краіны, што вызваліліся ад каланіяльнага ярма. Такія асобы як Павел Адамовіч заўжды становяцца мішэнямі для нападу з боку цемрашалаў, рэлігійных фанатыкаў, экстрэмістаў і псіхапатаў, паколькі ўвасабляюць сабой прыклад паспяховага служэння грамадству і ідэалам дэмакратыі. Перакананы, што многія беларусы, нават тыя, хто не быў знаёмы з забітым мэрам Гданьска, у гэтыя дні будуць смуткаваць з польскім народам, які страціў годнага грамадзяніна і патрыёта.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ