Палітыка памяці беларускай дзяржавы



 Вось ужо цягам некалькіх месяцаў мемарыял Курапаты – у цэнтры ўвагі СМІ і часткі дэмакратычнай грамадскасці. Штодзённая варта актывістаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія супрацьстаяць функцыянаванню рэстарацыі “Паедзем паямо”, успрымаецца ўжо як неад’емная частка палітычнага пейзажа. Пратэстоўцы сыходзіць ад брамы ўстановы харчавання не збіраюцца да поўнай капітуляцыі бізнесоўцаў-уласнікаў. Інвестары, хоць і нясуць істотныя матэрыяльныя і іміджавыя страты, упарта намагаюцца давесці, што яны маюць права весці бізнес у непасрэднай блізкасці ад Народнага мемарыяла Курапаты. Сітуацыя на гэты момант выглядае тупіковай, паколькі аргументаваная пазіцыя пратэстоўцаў не знаходзіць водгука ў дзяржавы, якая магла б выступіць арбітрам у дадзенай спрэчцы. Наадварот, з боку праваахоўных органаў вядзецца пераслед людзей, якія лічаць сваім маральным абавязкам супрацьдзеянне працы рэстарацыі “Паедзем паямо”.

Але выглядае на тое, што ў бліжэйшыя дні ў Курапатах з’явіцца яшчэ адна кропка напружання. Гаворка ідзе пра цэнтральнае месца мемарыялу – так званую Галгофу, пагорак, дзе звычайна адбываюцца мітынгі. 16 кастрычніка без кансультацый з грамадскасцю сюды заехала будаўнічая тэхніка. Грэйдэрам знялі пладародны слой зямлі, пасля чаго да раскопак прыступілі археолагі з Акадэміі навук. Хутчэй за ўсё, пасля правядзення археалагічных даследаванняў, пачнуцца працы па ўзвядзенні помніка ахвярам рэпрэсій. У абаронцаў Курапат ёсць прэтэнзіі як да самога праекта помніка аўтарства скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, так і да дзейнасці, якую распачала дзяржава ў Курапатах. Палітык Зянон Пазняк, дзякуючы якому беларусы дазналіся праўду пра злачынствы сталінізму, рашуча асуджае любыя спробы ўмяшальніцтва дзяржавы ў працэс мемарыялізацыі Курапат. У каментары Радыё Свабода кіраўнік КХП-БНФ заўважае, што ўлада імкнецца стварыць помнік разладу, “знішчыць (Курапаты) візуальна з мастацкага пункту гледжання, а потым і фізічна”. Зянон Пазняк перакананы, што ініцыятары ўсталявання помніка імкнуцца дэсакралізаваць аб’ект, які паўстаў дзякуючы высілкам грамады. Адпаведна, найлепшым варыянтам развіцця падзей, паводле палітыка, з’яўляецца захаванне статуса-кво, калі “кожны чалавек у памяць загінулых можа прынесці і паставіць там крыж”. У якасці кампраміса Зянон Пазняк прапаноўвае ўсталяванне помніка ў ахоўнай зоне, якая знаходзіцца справа ад галоўнай алеі. 

Прадстаўнік маладзейшай генерацыі абаронцаў Курапат Зміцер Дашкевіч настроены не так радыкальна. У сваім допісе ў фэйсбуку ён канстатаваў негатыўную ролю дзяржавы ў грамадскіх працэсах на прыкладах дошкі ў гонар 100-годдзя БНР і фактычна заняпалага фэста вышыванкі. Разам з тым, як адзначае актывіст, “патрэбна добра падумаць над тым, наколькі гэта сапраўды слушна па змесце пратэставаць супраць дзяржаўнага мемарыялу ў Курапатах”. Зміцер Дашкевіч крытыкуе тое, як дзяржава “ні з кім не раючыся, нахрапам” рэалізуе сваю задуму. Але да самой ідэі ўшанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій з удзелам дзяржавы ў яго вялікіх нараканняў няма пры ўмове, што нічога з цяперашніх сімвалаў Курапат кранута не будзе.

Спроба дзяржавы пабудаваць мемарыял у Курапатах – лепшая ілюстрацыя таго, як рабіць не трэба. Пачынаючы ад стварэння нейкай камісіі на чале з былым рэдактарам “СБ” Паўлам Якубовічам, заканчваючы непразрыстым конкурсам эскізаў будучага помніка. Ні на адным з гэтых важных этапаў не былі прадстаўленыя людзі, якія насамрэч маюць вялікі аўтарытэт у грамадстве. Дзеля справядлівасці, трэба зазначыць, што ўлады разумелі хісткасць сваёй пазіцыі, таму і запрашалі да ўдзелу ў ініцыятыве нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. Аднак пасля яе адмовы праца ўсё адно была працягнутая. Вынік гэтай дзейнасці абсалютна заканамерны: замест помніка яднання, мы атрымаем чарговы яблык раздраю ў без таго атамізаваным грамадстве.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ