Патэнцыял бязвізу ў Гомелі



Да нядаўняга часу ўсходнія гарады Беларусі былі незаслужана дыскрымінаваныя ў плане нераспаўсюду бязвізавага рэжыму для турыстаў. Калі Менск, Гародня і Берасце ў выніку рэалізацыі комплексных мер (скасаванне віз для ўдзельнікаў арганізаваных групавых тураў у турыстычна-рэкрэацыйную зону “Брэст-Гродна” і для пасажыраў, што прылятаюць у Нацыянальны аэрапорт “Менск”), адчулі ўзмацненне турыстычнага патоку, то ўсходняя частка Беларусі засталася па-за змяненнямі.

Згодна афіцыйнай статыстыцы, колькасць толькі бязвізавых турыстаў у Гародні за першае паўгоддзе 2019 года склала больш за 65 тысяч чалавек, што на 60% болей за аналагічны перыяд 2018 года. Больш чым удвая вырасла колькасць замежных бязвізавых турыстаў і ў Берасці. Асноўную частку замежнікаў складаюць грамадзяне Польшчы, Літвы, потым, з досыць вялікім адрывам, ідуць грамадзяне іншых дзяржаваў ЕЗ. Няма сумневу, што пазітыўны эфект ад адкрыцця межаў ужо адчулі дробныя прадпрымальнікі са сферы абслугоўвання, вытворцы алкаголю і сувенірнай прадукцыі, турфірмы і гаспадары аграсядзібаў. Такім чынам, указы аб бязвізе пацвердзілі сваю жыццядзейнасць у эканамічным плане.

На гэтым фоне сітуацыя ў тым жа Гомелі выглядае досыць дэпрэсіўнай. Партал rynak.by падае звесткі, згодна якім колькасць “турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі Гомельшчыну і абслугоўваліся арганізацыямі, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць, склала ўсяго 4777 чалавек, што амаль у 20 разоў меней за паказнікі Берасця і Гародні”. Зразумела, гэтая лічба не адлюстроўвае сітуацыю ў поўнай меры, не ўлічвае ўдзельнікаў індывідуальных і неарганізаваных тураў, але ў цэлым дае ўяўленне пра тэндэнцыю на далейшае адставанне Гомельшчыны ў плане выкарыстання турыстычнага патэнцыялу.

Распаўсюд бязвізу на Гомель не з’яўляецца панацэяй для вырашэння ўсіх праблем найбольш дэпрэсіўных рэгіёнаў Беларусі, для якіх характэрна пагаршэнне эканамічных паказнікаў, дэпапуляцыя насельніцтва і масавая працоўная міграцыя. Аднак з адкрыццём межаў і з інтэнсіфікацыяй турыстычнага трафіку можна прагназаваць пэўнае ажыўленне малога і сярэдняга бізнесу. А што да мясцовых уладаў, то перад імі паўстануць некалькі выклікаў у выглядзе прывядзення стану аэрапорта да сучасных патрабаванняў, пачынаючы ад інфраструктуры і транспартных рашэнняў, сканчваючы адкрыццём крамаў класу duty free, пакояў маці і дзяцей, дзіцячых забаўляльных цэнтраў, парковак і фуд-кортаў. Акрамя гэтага, было б някепска абмежаваць манаполію нацыянальнага авіяперавозчыка “Белавія”, дапусціўшы ў рэгіянальныя аэрапорты хаця б адзін лоўкост. У перспектыве кіраўніцтву вобласці варта было б задумацца пра пабудову стыльнага і сучаснага будынка аэрапорту, каб ён не нагадваў сваім выглядам пра тое, што час у Гомелі спыніўся дзесьці на адзнацы 1986 год.

Асобнае пытанне, звязанае з прыняццем рашэння аб пашырэнні бязвізу, – гэта распрацоўка рэгіянальных праграм развіцця турызма з прыцягненнем незалежных экспертаў, журналістаў, рэкламшчыкаў і экскурсаводаў, якія б прапанавалі небанальныя варыянты для стварэння прываблівай для замежнікаў карцінкі Гомельшчыны.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ