Перамога пластыка ў Беларусі



Паспяховасць дзяржавы і нацыі ў сучасным свеце вымяраецца не толькі паказнікамі ВУП на душу насельніцтва. Каб зразумець, што тая ці іншая краіна дасягнула поспеху і з’яўляецца камфортнай для грамадзянаў, трэба звярнуць увагу на два аспекты: стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі і абыходжанне са смеццем. Як мне казала адна жанчына, якая чвэрць стагоддзя даглядае хворую ляжачую дачку, у цывілізаваных дзяржавах няма грамадзянаў з абмежаванымі магчымасцямі, бо там усе, нават нямоглыя, маюць шанс на годнае жыццё.

Што да смецця, то тут трэба разглядзець два аспекты пытання. Людзі не пакідаюць пасля сябе смецце ў двух выпадках: калі любяць сваю зямлю і калі жывуць добра. У выпадку Беларусі, дзе ўсе прыгарады заваленыя таксічнымі адкідамі, пластыкам, рэшткамі бытавой тэхнікі складваецца ўражанне, што грамадзяне ненавідзяць сваю зямлю. Прынамсі, не разглядаюць яе як сваю. На сваіх участках і прыдваравых тэрыторыях у іх можа быць узорны парадак, а за плотам – несанкцыянаваныя сметнікі і постапакаліптычныя карціны. На жаль, чысціня, пра якую нам з кожнага праса цвердзяць высокія начальнікі, не можа быць брэндам Беларусі, якая ў пытанні абыходжання з адкідамі адстае ад некаторых краін Афрыкі, не кажучы пра ЕЗ.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі адказала грамадзянам на калектыўны электронны зварот, у якім прапаноўвалася забараніць прымусовае выкарыстанне пластыкавых пакетаў.  Гаворка ішла пра бязглуздыя нормы ўпакавання прадуктаў харчавання, якія мусяць, нібыта з санітарных меркаванняў, запакоўвацца ў рулоны цыраты. У петыцыі прыводзіліся ясныя аргументы наконт таго, што пластыкавыя пакеты складаюць большую частку смецця на палігонах, што нават вытворчасць пакетаў наносіць непапраўную шкоду прыродзе, што пластык не раскладаецца ў вадзе і зямлі цягам стагоддзяў. Аўтары звароту прывялі прыклады рашэння праблемы ў краінах свету: ад поўнай забароны на выкарыстанне поліэтыленавых упаковак да ўвядзення “падатку на бясплатныя пакеты”. Чыноўнікі пасля некалькіх тыдняў прамаруджвання даслалі адпіску, у якой пішуць нам пра клопат аб чалавеку. Маўляў, выкарыстанне пакетаў прызванае забяспечыць якасць прадукта і бяспечнае захоўванне. Але асноўны аргумент, які чырвонай ніткай праходзіць праз дакумент: эканамічная немэтазгоднасць. Расшыфроўваючы гэтую пазіцыю, нам пішуць пра тое, што пераход на біяраскладальныя пакеты альбо на паперу можа справакаваць рост цэнаў на рознічную прадукцыю. Інакш кажучы, гандлёвыя сеткі закладуць імаверныя страты ў цану тавара, што адаб’ецца на кашальку шараговага спажыўца. Такі адказ выглядае суцэльным цынізмам. Калі нам дзяржава кажа пра клопат, значыць, хтосьці кагосьці імкнецца падмануць. У гэтым звязку цікава, хто ў Беларусі мае звышпрыбыткі ад вырабу поліэтыленавых пакетаў?

Аднак, акрамя інтарэсаў бізнесоўцаў-вытворцаў пластыку, ёсць яшчэ і момант сацыяльнай адказнасці грамадзянаў. За сапраўдную бяспеку, у тым ліку экалагічную, заўжды даводзіцца плаціць больш. Гэта як з войскам, якое ўвесь час крытыкуецца і якому заўжды імкнуцца скараціць памеры фінансавання ў мірны час, але на выпадак вайны погляды грамадства кардынальна мяняюцца. Так і з навакольным асяроддзем. Калі мы хочам жыць у камфорце і жадаем сваім дзецям дабра, тады трэба быць гатовымі ісці на дадатковыя выдаткі ўжо цяпер.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ