Пераможная стратэгія альбо гульня ў паддаўкі?



Першая прэс-канферэнцыя экс-банкіра Віктара Бабарыкі была дыяметральна супрацьлегла ацэненая беларускай публікай. Многія лідары грамадскай думкі, калі пачулі ад яго фразы пра тое, што выбары немагчыма сфальсіфікаваць і адсутнасць масавых рэпрэсій у Беларусі, заявілі пра фіяска на старце. Але прагучала і меркаванне пра тое, што, наадварот, прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла зрабіў моцны ход, калі адсёк сваімі выказваннямі пратэстовую частку грамадства, апазіцыі і незалежных СМІ. Маўляў, ён зрабіў стаўку на большасць, на так званы электарат цяперашняга кіраўніка дзяржавы, якому заўжды было фіялетава, калі ўлады рэпрэсавалі апазіцыю. Гэтае меркаванне, безумоўна, небеспадстаўнае, паколькі вельмі цяжка ўявіць, што чалавек з добрай адукацыяй і, галоўнае, досведам працы на пасадзе старшыні праўлення камерцыйнага банку з’яўляецца наіўным эльфам, які кідаецца на несправядлівасць з адкрытым забралам і не ўлічвае таго, што яму супрацьстаіць цэлая армія стэпавых оркаў. Яшчэ менш верыцца ў тое, што ён увязаўся ў небяспечную гульню, не маючы падтрымкі ўплывовых людзей.

Стаўка на большасць і актыўнае выкарыстанне сацыяльных сетак для прасоўвання сваёй кандыдатуры — вось што аб’ядноўвае без пяці хвілінаў кандыдата Бабарыку з адным паспяховым маладым палітыкам на постсавецкай прасторы Уладзімірам Зяленскім. Але на гэтым, бадай што, параўнанні завяршаюцца, паколькі Украіна, у адрозненне ад Беларусі, з’яўлялася, хоць і з агаворкамі, дэмакратычнай дзяржавай з працуючым інстытутам выбараў, парламентам, развітым медыярынкам і самастойнымі алігархічнымі сіламі. Ніводзін з гэтых фактараў не ўласцівы Беларусі. Акрамя гэтага, Віктар Бабарыка не абапіраецца ў дадзены момант ні на якія палітычныя структуры, якія маюць вопыт удзелу ў кампаніях і, што самае галоўнае, могуць забяспечыць збор подпісаў і ўдзел у назіранні. Адпаведна, ягоная папулярнасць сёння — гэта медыйны пухір, які ўтварыўся ў выніку падвышанага запыту на перамены з боку часткі грамадства. Рэальнасць такая, што прыхільнікі “кандыдата надзеі” хочуць пераменаў, рэформаў, але не гатовыя ісці на сутыкненне з рэпрэсіўным апаратам дзяржавы. У гэтым сэнсе было б дзіўна ад прэтэндэнта чуць ваяўнічую рыторыку а-ля Мікалай Статкевіч. Нездарма Віктар Бабарыка ўвесь час у кожным амаль інтэрв’ю падкрэслівае, што не збіраецца ні з кім ваяваць, а проста ідзе на выбары. А што такое “проста ісці на выбары” ўдумлівы беларус за чвэрць стагоддзя выдатна зразумеў.

Ці магчыма ў Беларусі дабіцца хоць якіх вынікаў, калі адмовіцца ад падтрымкі “пратэстовага” электарату? Можна, безумоўна. І спакойна пайсці на палітычную пенсію, маючы ў дасягненнях намаляваныя ЦВК 3% падтрымкі выбарцаў. Падзеі ў нашай краіне развіваюцца ў такім рэчышчы, што хутка нават міліцыянты ўзначаляць пратэстовы электарат. Таму стаўка на міфічную большасць — гэта не стратэгія, а ўхіленне ад палітычнага змагання. Ці, калі заўгодна, гульня ў паддаўкі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ