Платныя пляжы ў сацыяльнай дзяржаве



Набліжаецца лета – а з ім і павялічваецца колькасць платных пляжаў. У Беларусі з нядаўняга часу так павялося, што за ўсё народнае трэба плаціць. Чым больш нейкую з’яву называюць народнай, тым менш чамусьці магчымасцяў атрымаць належнае бясплатна. Яшчэ пару гадоў таму беларускія чыноўнікі дадумаліся здаваць у арэнду рэкі. Гэтае новаўвядзенне, мякка кажучы, народу не спадабалася. Пасля некалькіх акцый рыбакоў улады задумаліся, каб чаго не выйшла. І сапраўды, беларус гатовы цярпець некалькі прэзідэнцкіх тэрмінаў запар, гіперінфляцыю і рэферэндумы. Але толькі не платную рыбалку на рэках.

Тое ж самае з дарамі лесу. Нейкая светлая галава даўмелася прапанаваць увесці нейкі там падатак за збор грыбоў, дык народ гэтых намераў не зразумеў. Грыбнікам аператыўна патлумачылі, што яны ўсё няправільна зразумелі, бо насамрэч гэта датычылася юрыдычных асоб. Карацей, паўтарылася гісторыя з платнай рыбалкай на рэках. Але нашыя чыноўнікі так проста не здаюцца. Яны вельмі крэатыўны клас. Калі не атрымліваецца з арэндай рэк, то можна падысці да праблемы з іншага боку. І падышлі. Вось у Гомелі неўзабаве ў чэрвені з’явіцца чарговы ўчастак пляжа, за наведванне якога трэба прыватніку будзе плаціць грошы. Здавалася б, што тут кепскага? Прыватнік прыводзіць у парадак тэрыторыю, адкрывае кавярню, выстаўляе шэзлонгі і арганізоўвае дзіцячую зону. А ў гараджаніна выбар таксама ёсць: хадзіць на платны пляж альбо не хадзіць. Але тут паўстае заканамернае пытанне: а ўлады існуюць для чаго? Няўжо гэта не іх функцыя ствараць камфортнае асяроддзе для людзей? Канешне, прасцей спіхнуць гэтую задачу на прыватніка, які створыць усю інфраструктуру ды яшчэ пры гэтым заплаціць падаткі. Не жыццё, а маліна.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ