Постсавецкую прастору штарміць



На постсавецкай прасторы мала прыкладаў паспяховых дэмакратычных трансфармацый. Калі казаць пра класічны падыход што да вызначэння дэмакратычнага рэжыму, то на шляху пераўтварэнняў зрабілі вялікую працу краіны Прыбалтыкі, якія з 2004 года апынуліся за надзейнай сцяной ЕЗ. У іх бок ідуць з рознай хуткасцю Грузія, Україна, Малдова і Арменія, якія крок за крокам выбудоўваюць у сваіх дзяржавах сістэмы, якія паважаюць правы чалавека, дэмакратыю, прыватную ўласнасць, рынкавую эканоміку. А вось у некаторых дзяржавах, здаецца, час спыніўся, нягледзячы на шматабяцальны старт у пачатку 1990-х.

У Расеі нечакана для ўладаў выбухнулі акцыі пратэсту па нязначнай для іх прычыне. Пасля няўклюднай спробы сілавікоў сфальсіфікаваць крымінальную справу ў дачыненні да журналіста-выведніка Івана Галунова грамадскасць спачатку абурылася ў сацыяльных сетках. Але на гэтым справа не завяршылася. У адрозненне ад папярэдніх выпадкаў, калі ўлада не цырымонілася са сваімі апанентамі, пратэст не захлынуўся ў гігабайтах віртуальных праклёнаў. Народ выйшаў на вуліцы Масквы. Не дапамагла збіць пратэстную хвалю і панічная рэакцыя ўладаў, якія пайшлі на беспрэцэдэнтны крок па вызваленні журналіста і закрыцці крымінальнай справы. І хоць сам абвінавачаны ў распаўсюдзе наркотыкаў журналіст Іван Галуноў заклікаў людзей не прыходзіць на марш у ягоную падтрымку, людзі ўсё роўна наважыліся на пратэст. У шматлікіх відэаспаваздачах удзельнікі акцыі сведчаць, што Іван Галуноў – гэта ўсяго толькі сімвал, а рэальнай падставай для пратэсту стала агульная стомленасць ад рэпрэсій з боку крамлёўскіх аўтакратаў і іх служак-сілавікоў. Пра маштаб пратэста сведчыць колькасць затрыманых – каля 400 чалавек. Выглядае на тое, што Расея ўваходзіць у зону турбулентнасці, з якой яна можа выскарацца альбо з новымі элітамі, згоднымі на рэформы, альбо з больш аўтарытарным рэжымам, які зацісне да апошняга ўсе пратэстныя праявы.

Пытанне перадачы ўлады ў Казахстане ад састарэлага на пасадзе за некалькі дзесяцігоддзяў Нурсултана Назарбаева ўжо гадоў 5 таму эксперты называлі ахілесавай пятой рэжыма. У першай палове гэтага году, здаецца, елбасы вынайшаў элегантную мадэль, паводле якой улада фармальна перадавалася новай асобе, але пры гэтым усе рэальныя лейцы кіравання заставаліся ў рукох клана Назарбаевых. Здаецца, гэтая схема мусіла спрацаваць бездакорна. Але аўтакрат, як заўжды, не прыняў у разлік народ, які ў дэмакратычных краінах з’яўляецца крыніцай улады і адзіным носьбітам суверэнітэта. І вось пасля пацешнай інаўгурацыі Касым-Жамарта Такаева, які, дарэчы, пачаў сваю прамову не з удзянага звароту да нацыі, якая даверыла яму кіраваць, а з паклонам свайму шэфу Нурсултану Назарбаеву, народ выйшаў на вуліцы. Гэты штрышок паказвае, наколькі штучная і фальшывая сітуацыя склалася ў Казахстане, які толькі на першы погляд выглядае стабільнай краінай. Насамрэч там адбываюцца сур’ёзныя працэсы выспявання пратэстных структур, што мы і ўбачылі ў шэрагах акцый, якія пракаціліся па Казахстане пасля інаўгурацыі новага прэзідэнта. Людзі спрабавалі данесці месыдж, што перадаць уладу “марыянетцы” ў Назарбаева не атрымаецца. У відэасюжэтах бачна, што пратэстоўцы настроеныя вельмі рашуча. Затрыманне 1 тысячы ўдзельнікаў нічога прынцыпова не вырашыць у пытанні захавання ўлады ў клана Назарбаевых.

Маштабныя пратэсты ў Казахстане і Расеі – гэта толькі прадвеснікі будучых драматычных падзей, у якіх свабодныя людзі будуць спрабаваць дамагчыся рэальных пераменаў, а не імітацыі, як тое было цягам апошніх 30 гадоў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ