Пра аграгарадкі ў гарадах



Як зрабіць прывабную ідэю абсалютна непрымальнай для насельніцтва? Адказ просты: даручыць яе рэалізацыю беларускаму чыноўніку.

У цывілізаваным свеце мадэль забудовы гарадоў малапавярховымі дамамі лічыцца адным з найбольш аптымальных варыянтаў. Жыць у так званым таунхаусе, які не закрывае сабой неба, куды больш прыемна, чымся штодня ўздымацца на вяршыню якога-небудзь хмарачоса з дапамогай ліфта. Мінусаў у таунхаусаў практычна няма, калі не ўлічваць невыразную архітэктуру і адносна малую змяшчальнасць жыхароў. Жыць у такім доме, калі, праўда, пашэнціць з суседзямі, – гэта адно задавальненне. Практычна ў сваім доме і амаль што ў гармоніі з навакольным асяроддзем. Карацей, суцэльныя плюсы. Але на практыцы здараецца так, што беларускія таунхаусы нагадваюць хутчэй гарадскую версію аграгарадкоў. Толькі для людзей з грашыма і з прэтэнзіяй на арыгінальнасць. Уявіце сабе некалькі злепленых паміж сабой недакатэджаў ды яшчэ змешчаных пасярод звычайнага двара, аточанага пачварнымі шматпавярховікамі. Гэта робіцца, відаць, для выхавання класавай варажнечы. Каб людзі з шматкватэрных дамоў-шпакоўняў маглі з балконаў назіраць, як віруе жыццё ў буржуінаў.

Зусім кепска, калі таунхаусы вырашаюць змяшчаць на месцы зялёных зонаў, як тое можа здарыцца ў Гомелі. Занядбаны, але дарагі многім гомельцам сквер на вуліцы Астроўскага можа быць знішчаны, каб на ягоным месцы паўстала навамодная забудова. Чыноўнікі апраўдваюцца, што навесці парадак у гэтым скверы няма каму, таму лепей на ягоным месцы ўзвесці таунхаусы. А што, гэта сапраўды выхад! У любой незразумелай сітуацыі будуй таунхаусы! Не даеш рады навесці парадак на якім-небудзь аб’екце – прапаноўвай адразу будаваць таунхаусы. Глядзіш, праз пару пяцігодак горад над Сожам пераўтворыцца ў суцэльны масіў таунхаусавай забудовы. Ну, таму што парадак не было каму навесці.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ