Пра асаблівасці расейска-ўкраінскай інфармацыйнай вайны



Вайна ў Персідскім заліве ў 1991 годзе, якую асвятлялі ледзьве не ў прамым эфіры амерыканскія карэспандэнты, стала фактычна адной з першых у гісторыі чалавецтва войнаў, за якой з дапамогай ТВ-вяшчання назіралі адначасова сотні мільёнаў чалавек. Параза садамаўскага рэжыму Ірака ад ЗША і саюзнікаў шмат у чым была абумоўленая дэмаралізацыяй арміі Іраку, якая бачыла ўвесь час пераканаўчыя “карцінкі” эфектыўнага вядзення вайны амерыканцамі. Дыктатар Садам Хусэйн, які акупаваў суседні Кувейт, меў дастаткова моцную армію для вядзення вайны, але не ўлічыў, што ў сучасным свеце перамога на полі боя вызначаецца не толькі з дапамогай танкаў. Антысадамаўская кааліцыя за 24 дні ачысціла Кувейт ад акупантаў, што па ТВ выглядала як захапляльнае тэатральнае прадстаўленне са сваёй драматургіяй.

Вайна, якую развязала пуцінская РФ супраць Украіны, з’яўляецца не толькі самай маштабнай у Еўропе ў перыяд пасля ІІ Сусветнай, але і шмат у чым інавацыйнай у плане інфармацыйнага ўздзеяння на суперніка. Калі Расея зрабіла стаўку на тэлепрапаганду, то Украіна дзейнічае больш сучасна, выкарыстоўвае напоўніцу сацыяльныя медыі, ютуб і вядзе паспяховую кібервайну. На гэтым фоне пуцінская армія часта выглядае пасмешышчам, калі ў 9-ы раз, напрыклад, заяўляе пра захоп якога-небудзь населенага пункта. А потым гэтае паведамленне дэзавуюецца кароткім відэаролікам украінскага жаўнера, які здымае абвяржэнне на свой мабільны і кідае ў сацсеткі. Сімвалам сумнеўнай эфектыўнасці расейскай прапаганды з’яўляюцца агітбрыгады з вялікімі тэлеэкранамі на грузавіках у разбураным Марыупалі. На фоне руінаў горада пуцінскія салаўі пераконваюць нешматлікіх ацалелых месцічаў у тым, што жыць стала лепш. І гэта выглядае, мякка кажучы, дзіўнавата.

На відэасервісе ютуб украінскія дакументалісты выклалі дзве цікавыя стужкі пра вайскоўцаў дзвюх армій: акупацыйнай расейскай і ЗСУ. Матэрыял, з якога змантавалі фільмы, адзнялі самі героі на свае мабільныя тэлефоны. Першы фільм, больш рэзанансны, называецца “The Occupant/Окупант. Війна і мир у телефоні російського солдата”. У распараджэнні журналістаў “Украінскай праўды” трапіла відэа, якое здымаў пра сваё жыццё расейскі лейтэнант, выпускнік элітнага “Маскоўскага вышэйшага каманднага вучылішча” Юрый Шалаеў. У ягоных здымках — дробныя сямейныя радасці кшталту ўручэння ровара ў падарунак дачцэ, п’янка з саслужыўцамі, слязліва-фальшывыя спевы ў мікрафон песні Юрыя Газманава “Афіцэры”. Усё гэта суправаджаецца фонам нізкай побытавай культуры так званага афіцэра, што выяўляецца ў пастаяннай нецэнзурнай лексіцы, прымітыўных забаўках з алкаголем. Увесь кураж так званай эліты расейскага афіцэрства знік пасля прыезду ва Украіну, дзе паступова вочы акупанта рабіліся больш сумнымі. У выніку ён заканамерна трапіў у палон, што можна лічыць не самым горшым фіналам.

Другая стужка — абсалютна іншая па настроі. У фільме “Фортеця Маріуполь. Орест” распавядаецца пра прэс-афіцэра палка “Азоў” Дзмітрыя Казацкага з пазыўным “Орест”, жыццё якога да вайны было напоўнена навучаннем у Польшчы, паездкамі па Еўропе і фэстамі ва Украіне. Пазней хлопец апынуўся ў складзе вядомага на ўвесь свет палку “Азоў”, які больш за 80 дзён аказваў супраціў ворагу ў атачэнні. Ягоныя развагі пра жыццё, адсутнасць пафасу і кадры дзяцей у бункерах “Азоўсталі” пакідаюць моцнае ўражанне. Асабліва калі ўлічыць, што “Орест” у далейшым трапіў у палон.

Два фільмы пра расейска-ўкраінскую вайну аказваюць вялікі ўплыў на ўспрыманне сітуацыі ў цяперашні час і пакідаюць глыбокі лічбавы след, да якога неаднойчы звернуцца даследчыкі трагічных падзей у далейшым.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ

[manual_related_posts]