Пра еднасць беларускіх хрысціянаў супраць тыраніі



Генеральная пракуратура вынесла афіцыйныя папярэджанні Вікарнаму епіскапу Менска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы Беларусі Юрыю Касабуцкаму і прэс-сакратару Беларускай праваслаўнай царквы Сергію Лепіну. Абодва святары, на думку пракурорскіх супрацоўнікаў, у сваіх публічных выказваннях дапусцілі фразы, якія нібыта выклікаюць сацыяльную напружанасць і распальваюць нянавісць да праваахоўнікаў. Уладзе не спадабалася рэзкая рэакцыя служыцеляў цэркваў, якія асудзілі апаганьванне народнага мемарыяла загінуламу жыхару сталічнай Плошчы Пераменаў Раману Бандарэнку. Епіскап Юрый Касабуцкі назваў дзеянні сілавікоў “спробай знішчыць усё тое шляхетнае, чыстае, светлае, што ёсць у нашых людзях”. Праваслаўны святар акрэсліў сваё стаўленне так: “Гэта знявага над партрэтамі забітага, над кветкамі ў яго памяць, сатанінскі здзек з лампад і іконак”.

Адзначым, што ціск на высокапастаўленых і аўтарытэтных святароў з боку дзяржавы ў апошнія месяцы ўзмацняецца. Узгадаем скандальную сітуацыю з адмовай ва ўездзе на тэрыторыю Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў жнівеньскія дні крытыкаваў гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Альбо заканчэнне працы на пасадзе мітрапаліта Паўла, які быў вымушаны з’ехаць у Расею пасля наведвання параненых сілавікамі ў бальніцы. Галоўны праваслаўны іерарх нечакана для ўсіх выбачыўся перад вернікамі за паспешлівае віншаванне з перамогай на выбарах Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, такія пазіцыі лідараў цэркваў у аўтарытарнай краіне не маглі застацца без рэакцыі ўлады, якая і наступіла неўзабаве. Аднак, насуперак чаканням аўтакрата, іншыя святары, якія з’яўляюцца галасамі цэркваў і маюць аўтарытэт сярод прыхаджанаў, працягнулі лінію сваіх былых царкоўных начальнікаў. Адметна, што кансалідацыя правадыроў цэркваў у пытанні недапушчальнасці рэпрэсій паказала неэфектыўнасць стратэгіі кіраўніцтва краіны па правакаванні рэлігійнага напружання. Фактычна, замест узнікнення недаверу паміж каталікамі і праваслаўнымі, як таго дабіваліся прапагандысты і расейскія паліттэхнолагі-варагі, адбылося аб’яднанне хрысціянаў. А гэта ўжо крытычная сітуацыя на фоне глыбокага палітычнага крызісу.

Разам з тым, пазіцыі двух святароў, нягледзячы на маральнасць іх паводзінаў, параўнаць складана. У падтрымку каталіцкага епіскапа Юрыя Касабуцкага выказаліся святары ў калектыўным звароце, заявіўшы, што яны цалкам падтрымліваюць выказванні свайго лідара. Сергій Лепін жа на фоне апаратных інтрыг унутры БПЦ вымушаны гаварыць, што просіць расцэньваць яго фразы як асабістую ацэнку, а не пазіцыю царквы.

Логіка падзей падказвае, што дзяржава будзе і далей імкнуцца ажыццяўляць палітыку кропкавых рэпрэсій у дачыненні да царкоўных лідараў, якія не баяцца крытычна выказвацца пра бягучыя падзеі. Аднак, у адрозненне ад 1990-х, калі Аляксандр Лукашэнка жалезнай рукой наводзіў парадак у рэлігійнай сферы, карыстаючыся пасіўнасцю грамадзянаў, цяпер такі падыход не спрацуе. Больш за тое, ціск дзяржавы на святароў падвысіць іх аўтарытэт у вачах грамадства і гарантавана падвысіць узровень даверу людзей да цэркваў. Варта таксама зазначыць, што далейшае ўмяшальніцтва функцыянераў рэжыму ў справы касцёла і царквы можа выклікаць таксама абурэнне з боку пэўнай часткі сілавікоў, што справакуе новыя выклікі для існавання рэжыму.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ