Пра ельскага балвана



 

Усё, кідаем журналісцкія справы і пераязджаем у Ельск на ПМЖ. Калі вы не ведаеце, што такое Ельск, то мы вам падкажам. Ельск – гэта высокакультурны райцэнтр, дзе нават усталявалі адзіную ў Беларусі скульптуру журналісту. Як паведамляюць СМІ Гомельшчыны, ідэя стварэння скульптуры належыць супрацоўнікам тамтэйшай раёнкі з крыклівай назвай „Народны голас”. Так і хочацца згадаць рыфму з вядомага фільма Андрэя Кудзіненкі „Акупацыя. Містэрыі” пра „голас як у ду…е волас: тонкі і нячысты”.

Кажуць, што ініцыятары ўзвядзення вылепка імкнуліся адлюстраваць „збіральны вобраз, які ўвасабляе не толькі рысы журналіста, але і ўсіх спецыялістаў, якія задзейнічаны ў стварэнні газеты…”. Нашая фантазія па прачытанні гэтых радкоў намалявала жахлівага монстра накшталт кентаўра, у абліччы якога можна ўбачыць і рысы карэктаркі раённай газеты, і электрыка дзядзі Васі, і ахоўніка Пятровіча. І дзеля гэтага нават пачалі шукаць выявы ельскай статуі на прасторах сусветнага павуціння. Аднак у рэальнасці ніякага кентаўра мы не знайшлі. На старонках „Гомельскай праўды” была апублікаваная даволі падрабязная фотасправаздача нараджэння вылепка. У выніку пакут калектыўнай творчасці нарадзілася антрапаморфная скульптура. Каб не надпіс на таблічцы „Я журналист и горжусь этим”, то статуя магла б быць цалкам збіральным вобразам каго заўгодна. Скажам, праходзіць у Ельску сход настаўнікаў – можна дэлегацыі да скульптуры адводзіць са словамі, што ўвекавечаны менавіта педагог. Ці лепшы камбайнёр. Шкада, што падпісалі… Затое ў журналістаў Гомельшчыны новае месца дла паломніцтва з’явілася. Будзем свае зламаныя дыктафоны, няспраўныя асадкі, выкарыстаныя нататнікі і міліцэйскія пратаколы адносіць у якасці ахвярапрынашэнняў ельскаму балвану.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ