Пра генезіс Дня народнай еднасці



На сайце так званага Усебеларускага народнага сходу запусцілі цікавае галасаванне наконт будучага дзяржаўнага свята – Дня народнае еднасці. Для наведнікаў сайта прапаноўваецца ўсяго два варыянты адказу, якія сутнасна не надта адрозніваюцца. Абедзве даты, 17 верасня і 14 лістапада 1939 года, звязаныя з так званым Польскім паходам Чырвонай арміі, у выніку якога адбылося ўз’яднанне беларускіх этнічных земляў. Калі падыходзіць да аналізу прапанаваных датаў павярхоўна, то складваецца ўражанне, што дзяржава клапоціцца пра тэрытарыяльную цэласнасць краіны і ўвогуле нібыта дэманструе адсутнасць розніцы паміж заходняй і усходняй часткамі Беларусі. Аднак на справе, куды больш цікавы палітычны кантэкст новага свята, якое ініцыюецца ў яўнай спешцы і навязваецца грамадству з дапамогай усяго прапагандысцкага інструментару.

І 17 верасня, і 14 лістапада 1939 года — даты, якія могуць мець пазітыўнае значэнне хіба што для прыхільнікаў савецкага наратыву, паводле якога беларуская дзяржаўнасць — гэта плён высілкаў бальшавіцкіх правадыроў. А фармаванне сучаснай нацыі — гэта пабочны эфект штучнай палітыкі, якую праводзіў Сталін, укараняючы беларускую мову і розныя атрыбуты нацыянальнай культуры. З такога пункту гледжання вынікае, што беларуская нацыя не мае і не можа мець палітычнай суб’ектнасці па факце, увесь час выступае ў якасці аб’екта ўздзеяння, як тое было ў 1939 годзе. Вераснёвая кампанія Чырвонай арміі ў 1939 годзе не мела на мэце патурання дзяржаўніцкім інтэнцыям беларусаў. Больш таго, выключна пазітыўная ацэнка “ўз’яднання” — гэта пазнейшая фантазія савецкіх ідэолагаў, якія ў паваенны час надавалі выключна станоўчыя характарыстыкі гэтай падзеі, ігнаруючы факт этнічных чыстак у дачыненні да польскага насельніцтва Заходняй Беларусі, гвалтоўную калектывізацыю, агрэсіўную антырэлігійную кампанію, а таксама рэпрэсіі ў дачыненні да нацыянальных элітаў уласна беларускага народу. Варта дадаць, што ў гістарычнай памяці нараджэнцаў усходняй часткі ІІ Рэчы Паспалітай аб’яднанне з саветамі рэдка калі насіла адназначна пазітыўны характар, што можна прасачыць па аповедах прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў.

Дадамо таксама, што так званы Дзень народнага адзінства, які ўлады плануюць у Беларусі запачаткаваць сёлета, — гэта калька аналагічнага расейскага „свята”. Калі ў расейскім выпадку генезіс „чырвонага дня календара” звязаны з падзеямі Смуты (вызваленне ад „польскіх інтэрвентаў” у 1612-м, хоць такая інтэрпрэтацыя падзей 17 стагоддзя мала адпавядае гістарычным фактам). То ў Беларусі абедзьве прапанаваныя даты (17 верасня і 14 лістапада 1939 года) маюць выразна антыпольскую скіраванасць. Адпаведна, Дзень народнага адзінства ў Беларусі паўстае як адказ на палітычны крызіс сучаснасці, калі прапагандысцкая мадэль маналітнай нацыі, якая падтрымлівае правадыра, трашчыць па швах. А само “свята” грунтуецца на маніпулятыўнай савецкай ідэалагеме, паводле якой падступны калектыўны Захад у выглядзе свайго траянскага каня (Польшчы) імкнецца разбурыць славянскую еднасць.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ