Пра ідэолага і закон кармы



І чаго гэта ўсе абурыліся з паводзінаў былога галоўнага ідэолага Уладзіміра Замяталіна, які назваў беларускую мову “доўбанай”? Няўжо ўсе думалі, што чалавек, які прысвяціў жыццё звышідэі славянскага адзінства, раптам на схіле гадоў адчуе нейкі сантымент да беларушчыны. Убачыць, напрыклад, білборд з беларускамоўнай рэкламай міліцыі – і змахне скупую мужчынскую слязу. Насамрэч усё дастаткова чакана. Савецкага палітрука можна вывезці з расейскай Тулы ў Беларусь, але расейскую Тулу з савецкага палітрука ніяк не вывезеш.

Карацей, у адной са сталічных крамаў, якая нядаўна пачала абслугоўваць на асобнай касе беларускамоўных кліентаў, здарыўся канфлікт. Грамадзянін, паводле слоў сведкаў інцыдэнту, абурана выказваў касірцы нешта ў рэчышчы “не хачу я гаварыць на вашай доўбанай мове”. І для саліднасці чамусьці прыплёў Канстытуцыю. Той небарака забыўся, відаць, што ў ХХІ стагоддзі такія, як ён, становяцца ўмомант зоркамі інтэрнэту. Такія персанажы робяцца героямі мемаў. Высветлілася, аднак, што скандаліст – гэта не проста незадаволены жыццём маргінал, а пенсіянер з багатай біяграфіяй. У ягоным CV – арганізацыя рэферэндуму 1995 года, на якім якраз беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай. І ўсё-такі законы кармы існуюць! У 1995 годзе ты галоўны ідэолаг русіфікацыі, а ў 2018 цябе ігнаруе беларускамоўная касірка. Больш таго, пасля разбіральніцтва сітуацыі прэс-сакратар сеткі гіпермаркетаў заявіў: “У гэтай краме перад выхадам на касу паказана, на якой мове будзе абслугоўвацца пакупнік: беларуская, руская і ангельская. Прэтэнзіі да прадаўшчыцы не апраўданыя”. То бок таварыш палітрук адмыслова пайшоў да беларускамоўнай касіркі, каб выплеснуць негатыў адносна мовы. Не да рускамоўнай, не да англамоўнай, а менавіта да беларускамоўнай. Правільна напісалі разумныя людзі: “Беларускі хлеб яму не агідны, а мова – косткай у горле”. Альбо, як казалі раней у народзе: “Пусці свінню пад стол, то яна захоча й на стол”.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ