Пра канвульсію імперыі



Былыя савецкія рэспублікі па-рознаму развітваюцца з імперскім мінулым. У кінатэатрах Менска з аншлагамі праходзяць паказы забароненага ў Расеі фільма „Смерць Сталіна”. Хоць падзея збольшага сімвалічная, але ўсё-такі цешыць, што да забароны не дайшло. Некалькі паказаў фільма — нічога страшнага з мясцовымі камуністамі не здарылася. Помнікі Леніну не паваліліся, назвы вуліц не дэкамунізаваліся, помнік генералісімусу на Лініі Сталіна не заміраточыў. Аднак усё адно прыемна, што пасля дзесяцігоддзяў аглядкі на Маскву ў нас хоць нейкія зрухі пачаліся. Хай нават і з прыватных кінатэатраў.  

А вось у Малдове абразаюць пупавіну, якая звязвала да нядаўняга часу гэтую постсавецкую дзяржаву з метраполіяй, больш рашуча. Ад 12 лютага гэтага года тамтэйшыя тэлегледачы не ўбачаць расейскіх прапагандысцкіх СМІ. Парламентары Малдовы тэрмінова прынялі Закон „Аб барацьбе з расейскай прапагандай” яшчэ ў снежні 2017. Нягледзячы на супрацьдзеянне прэзідэнта рэспублікі Ігара Дадона, вядомага пракрамлёўскімі сімпатыямі, парламент працягнуў змаганне за абарону інфармацыйнай прасторы краіны. Зусім нерэальная для беларускай рэчаіснасці сітуацыя: Канстытуцыйны суд рэспублікі Малдова надаў патрэбныя паўнамоцтвы спікеру парламента, які і санкцыянаваў канчаткова закон. Можна смела прагназаваць, што хутка па ўсіх расейскіх тэлеканалах пачнуць крытыкаваць „малдоўскіх нацыяналістаў”, якія замахнуліся на самае святое — на свабоду расейскага слова. Але большасць малдаван гэтых лямантаў не пачуе, бо тэлеканалы тыя адключаныя.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ