Пра „кейс Барановіча”



3 гады калоніі агульнага рэжыму атрымаў 31-гадовы жыхар Менска Святаслаў Барановіч. Мужчыну асудзілі за „напад на міліцыянта”. Фабула гісторыі такая: пасля дазволенага ўладамі „Маршу недармаедаў” 15 сакавіка 2017 года невядомыя людзі ў цывільным спартовага целаскладу напалі на анархісцкую моладзь. Дзея разгарнулася на прыпынку грамадскага транспарту. Сярод відавочцаў здарэння знайшоўся адзін малады чалавек у чырвонай байцы з надпісам „Беларускі бокс”, які пачаў абараняць актывістаў ад нападнікаў. Гэтага чалавека звалі Святаслаў Барановіч. Ужо ў працэсе суда выявілася, што ён нанёс чатыры ўдары не нейкаму бандыту з вялікай дарогі, як магло б падацца па праглядзе відэа, а байцу АМАП пры выкананні. Такое дараваць таварышы з органаў неабыякаваму грамадзяніну, вядома, не маглі. Усе лепшыя сілы МУС былі накіраваныя на пошукі асабліва небяспечнага баксёра ў чырвонай байцы. Зразумела, ён жа руку ўзняў на аснову стабільнасці нашага крышталёвага сасуда – на супрацоўнікаў міліцыі!

Толькі ёсць ва ўсёй гэтай сітуацыі адна істотная дэталь. Справа ў тым, што на тым злашчасным мітынгу праваахоўнікі былі не ў форме, а ў цывільным. Адпаведна, ніякіх прыкметаў таго, што яны адносіліся менавіта да структур МУС не было. Мы, вядома, не з Месяца зваліліся. І разумеем, што ў Беларусі картбланш на гвалтоўныя групавыя дзеянні ў дачыненні да апазіцыйных актывістаў маюць толькі сілавікі. Але гэта ўсяго толькі нашыя здагадкі. Святаслаў Барановіч, насуперак сваім сведчанням у судзе, мог тэарэтычна і не ведаць, што перад ім міліцыянты пры выкананні. А што мусіць рабіць мужчына, калі бачыць перад сабой невядомых зламыснікаў? Пасля такога судзілішча любому грамадзяніну трэба дзесяць разоў падумаць, ці варта ўмешвацца ў які-небудзь канфлікт на вуліцы, калі ў выніку праяўленай ініцыятывы ён можа атрымаць 3 гады турмы. Хочам пажадаць таварышам праваахоўнікам не трапляць у сітуацыю, калі на іх нападуць невядомыя ў цывільным. Пасля падобных судоў наўрад ці знойдзецца многа ахвотных ім дапамагчы. А ўвогуле абарона гонару мундзіра з боку міліцыянтаў выглядала б больш натуральнай, каб яны апраналі сваю форму на акцыі. Прынамсі, не атрымлівалі б тады ад грамадзян ганебных кухталёў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ