Пра мэты і вынікі атакі на грамадскі сектар



Улады Беларусі паспрабавалі нанесці сакрушальны ўдар па арганізацыях і людзях, якія займаюцца праваабарончай дзейнасцю. Раніцай 16 лютага ў Менску, абласных і раённых гарадах, супрацоўнікі органаў правапарадку ўварваліся ў жылыя памяшканні і ў офісы некалькіх дзясяткаў праваабаронцаў і журналістаў. Ператрусы праводзіліся на падставе крымінальнай справы паводле артыкула 342 КК, санкцыю на працэсуальныя дзеянні дала Генеральная пракуратура. Следчы камітэт у сваім малаўцямным паведамленні на ўласным тг-канале паспрабаваў патлумачыць падставы пранікнення ўладаахоўнікаў у прыватныя жылыя памяшканні тым, што нібыта шукаюцца доказы фінансавання масавых закалотаў. Грамадзяне, у каго прайшлі ператрусы на кватэрах, распавядаюць пра тое, што аператыўнікаў асабліва цікавілі грашовыя сродкі, банкаўскія карткі, носьбіты інфармацыі і так званая незарэгістраваная сімволіка, прычым у катэгорыю “незарэгістраванай сімволікі” трапілі нават новыя шкарпэткі бел-чырвона-белай афарбоўкі (старыя шкарпэткі такіх жа колераў не забралі чамусьці). 

Абставіны правядзення спецаперацыі і яе хада ўказваюць на тое, што дадзеная акцыя мае дастаткова спантанны і незапланаваны характар. Справа ў тым, што ў спісе асобаў, да якіх прыйшлі так званыя праваахоўнікі, ёсць як праваабаронцы, якія непасрэдна займаліся дапамогай пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў падчас апошняй выбарчай кампаніі, так і грамадскія актывісты. Журналісты і сябры БАЖ – асобная тэма. Увязаць іх у адну “злачынную групу” арганізатараў масавых беспарадкаў пры ўсім жаданні не атрымаецца. Адпаведна, маштабная зачыстка – гэта своеасаблівая акцыя застрашэння ўсёй грамадзянскай супольнасці. Цалкам магчыма, кіраўніцтву краіны неабходна прадэманстраваць знешнім партнёрам тое, што ўлады кантралююць сітуацыю ў Беларусі на 100%. У такім кантэксце атака дзяржавы на структуры грамадзянскай супольнасці (БАЖ, “Вясна”, “БХК” і г.д.) – гэта прамы вынік так званага Усебеларускага народнага сходу, які, паводле задумы арганізатараў, павінен быў паставіць кропку ў пытанні рэзультатаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Насамрэч жа па факце прапагандысцкі эфект ад гэтага мерапрыемства атрымаўся, мякка кажучы, сціплым. Арганізатары былі нават вымушаныя скараціць праграму форума, не прадаставіўшы слова некаторым дэлегатам у другі дзень УНС. Адпаведна, агрэсія сілавікоў супраць журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў – гэта спроба самасцвярджэння, дэманстрацыя грамадству, хто ў доме гаспадар. Гэта, відаць, асабліва важна на фоне будучых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным.

Насамрэч жа вынікі атакі на грамадскі сектар таксама дыяметральна супрацьлеглыя задуме. Цяжка ўявіць, што людзі, якія прайшлі праз выпрабаванні турмамі, цкаванне і судовыя пераследы, раптам спыняць сваю дзейнасць толькі таму, што камусьці гэтага захацелася. Акрамя гэтага, упэўненасці журналістам і праваабаронцам надае факт падтрымкі грамадства, якое, відавочна, не ўхваляе дзеянняў сілавікоў. Больш за тое, спроба выглядаць гаспадаром становішча ў вачах расейскага правадыра будзе дорага каштаваць з пункту гледжання чарговага пакету санкцый цывілізаванага свету, які абавязкова будзе прыняты ў адказ на агрэсію супраць журналістаў і праваабаронцаў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ