Пра немагчымасць байкоту



За трое сутак да асноўнага дня галасавання палітычна актыўная публіка Беларусі зайшлася ў дыскусіі: байкот ці ўдзел. Рэдактар беларускай службы выведніцкай супольнасці “Інфармнапалм” Дзяніс Івашын звярнуўся з адкрытым лістом да ўдзельнікаў прэзідэнцкай гонкі Ганны Канапацкай, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Чэрачня і Святланы Ціханоўскай. У звароце журналіст прыводзіць вядомыя ўсім аргументы наконт таго, што выбары ў Беларусі з’яўляюцца імітацыяй, галасы ніхто не лічыць, а праводзяцца яны для легітымізацыі рэжыма. Адпаведна, выйсцем з сітуацыі, паводле аўтара звароту, з’яўляецца зняццё кандыдатураў з выбараў, каб “выбарчы фарс пераўтварыўся на фікцыю”. Паводле логікі тэксту, аўтакрат, застаўшыся сам насам у выбарчым бюлетэні, перастане быць легітымным, што расплюшчыць вочы ўсім: і шрубкам сістэмы, і спячаму грамадству. 

Зварот Дзяніса Івашына гучыць дастаткова пераканаўча на фоне апошніх падзеяў з “выкрыццём” дыверсійнай групы расейскіх наймітаў, з разгонамі ўдзельнікаў афіцыйных пікетаў у Салігорску і Слуцку, з забаронай агітацыі для альтэрнатыўных кандыдатаў, з пераследам актывістаў і ціскам на незалежных назіральнікаў. Улічваючы ўсе гэтыя акалічнасці, няцяжка прагназаваць, на які вынік скіраваныя ўлады. І колькі працэнтаў атрымаюць у выніку “падліку” галасоў альтэрнатыўныя кандыдаты. Заклік да байкоту таксама знаходзіць падтрымку ў тых, хто занепакоены магчымымі правакацыямі і рэпрэсіямі ў дачыненні да незалежнага грамадства, якія абрынуцца на беларусаў, калі людзі выйдуць на вуліцы і плошчы гарадоў пасля абвяшчэння афіцыйных рэзультатаў галасавання. Гэта значыць, адмова ад лабавой атакі ва ўмовах недастатковай матывацыі грамадзянаў дазволіць захаваць патэнцыял народу і не выкліча масавага расчаравання ад вынікаў выбараў, як тое было пасля разгрому апазіцыі ў 2006 і 2010 гадах.

Нягледзячы на даволі абгрунтаваную пазіцыю прыхільнікаў байкоту, можна прагназаваць, што яна будзе праігнараваная. Некаторыя ўдзельнікі гэтай палітычнай кампаніі не прыслухаюцца да закліку грамадскасці, бо ў сілу розных прычын зацікаўленыя ў тым, каб іх прозвішчы фігуравалі ў бюлетэні. Можна не сумнявацца, што пры любым раскладзе Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Чэрачэнь “пойдуць да канца”. Такім чынам, незалежна ад рашэння фаварыткі гонкі Святланы Ціханоўскай, дзейны кіраўнік дзяржавы не застанецца самотным 9 жніўня. Адсюль вынікае, што выбары не будуць безальтэрнатыўнымі. Што да Святланы Ціханоўскай, то ў дадзены момант ёй таксама вельмі няпроста прымаць рашэнне, паколькі цягам усёй эфектыўнай кампаніі яна і прадстаўнікі саюзных штабаў заклікалі грамадзянаў прыйсці на выбары 9 жніўня, каб прагаласаваць супраць дзейнага кіраўніка дзяржавы. Калі за пару сутак да выбараў яна памяняе стратэгію, то гэта дэзарыентуе ейных выбарцаў. Падсумоўваючы, стратэгія байкоту, нягледзячы на яе маральнасць, не з’яўляецца выканальнай і вядзе да дэматывацыі пратэстовага электарату.  

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ