Пра новую перамогу беларускага народа



З розных неафіцыйных крыніцаў прыходзіць інфармацыя пра скасаванне маштабнага мітынга ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, які меўся адбыцца на выходных у Менску. Прычынай змянення планаў з’яўляецца нібыта неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя з каронавірусам. Гэтае тлумачэнне выклікае хіба што ўсмешку, асабліва калі згадваеш, як цынічна паставіліся ўлады да праблемы кавіда ў пачатку 2020 года. На справе ж паспешлівую адмову ад сходу бюджэтнікаў можна па змаўчанні аднесці ў капілку перамог незалежнага грамадства. Відавочна, аналітычныя цэнтры ўлады палічылі куды меншай рызыкай скасаваць анансаванае мерапрыемства, чым дапусціць некантраляваны ход падзей, які пры цяперашнім адмоўным іміджы ўладаў і нізкай падтрымцы з боку насельніцтва вельмі верагодны.

Няма сумневаў, што на прыняцце такога рашэння паўплывалі таксама праблемы з мабілізацыяй прыхільнікаў улады. Калі прывезці з усёй Беларусі пару тысяч адстаўнікоў на праўладнае шэсце не складае вялікай праблемы, то арганізаваць штосьці больш масавае проста нерэальна. У сеціве ў апошнія дні можна сустрэць многа прыкладаў, як прадпрыемствы і ўстановы адукацыі ў розных рэгіёнах краіны цэлымі калектывамі адмаўляюцца ехаць на праўладны мітынг. А гэта – вяршыня айсбергу. Можна дапусціць, што нават сярод тых, хто пад ціскам адміністрацый гатовы быў ахвяраваць выходнымі дзеля стварэння карцінкі для дзяржаўнага тэлебачання, каля 70 % у душы асуджаюць прымус. А цяпер паспрабуем спрагназаваць, як павялі сябе б, скажам, гэтыя 70% бюджэтнікаў на шматтысячным мітынгу, калі б адчулі пратэстовую атмасферу сталіцы і ўбачылі побач шматлюдную акцыю апанентаў рэжыму? Нешта падказвае, што калоны маглі б проста аб’яднацца. Тут дарэчы прыйшліся бы і сцэна, і гукаўзмацняльнае абсталяванне, якога так бракуе мірным мітынгам вось ужо два месяцы. Замест прапагандысцкага шоу атрымалася б такая падзея, якая не пакінула б і ўвогуле нават ілюзіі пра наяўнасць хоць якой падтрымкі дзейнага рэжыму.

Адмаўленне ўладаў ад правядзення мітынга паказвае, што яны насамрэч цудоўна разумеюць, што большасць грамадства падтрымлівае курс на перамены. Гэта доўгатэрміновы трэнд, які не атрымаецца забалбатаць размовамі пра канстытуцыйныя рэформы і інтэграцыйныя гульні з РФ. Беларускі народ, стаўшы палітычным суб’ектам, не хоча больш мірыцца з хлуснёй, гвалтам і бяспраўем. Адзінай апорай рэжыму застаюцца сілавікі, у якіх, праўда, рашучасці з кожным днём усё менш па прычыне таго, што яны самі штодня бачаць негатыўную рэакцыю суседзяў, аднакласнікаў і сваіх родных на іх дзеянні. Гэта значыць, што мірныя пратэсты беларусаў насамрэч вельмі эфектыўныя. Калі народ праявіць настойлівасць у сваіх патрабаваннях, то капітуляцыя ўлады – не за гарамі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ