Пра „Пагоню”, якую не трэба палітызаваць



На адным сталічным мерапрыемстве чыноўнік даволі высокага рангу заявіў з нейкага перапуду: „Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг – наша культурная спадчына, але не трэба іх палітызаваць”. Прагрэс навідавоку. Калі раней „Пагоня” выклікала зубны скрыгат і прыступы нематываванай агрэсіі ў прадстаўнікоў кіроўнай эліты, то цяпер дайшло да дастаткова нейтральнай фармулёўкі. Культурная спадчына, значыць. Амаль як традыцыя распісвання велікодных яек ці спевы з бубнам на Дажынках. Карацей, каму што бліжэй.

Менавіта як „агульную культурную спадчыну” хочуць бачыць нацыянальныя сімвалы і некаторыя калегі гэтага чыноўніка. Хтосьці з іх нават час ад часу майкі з „Пагоняй” надзявае для тэлекарцінкі. Праўда, какетліва ўдакладняе, што гэта зусім не тое, што вы падумалі, а герб Віцебскай вобласці. Універсальны адказ. Яшчэ можна сказаць, што герб Рэчыцы, Лепеля альбо расейскага Себежа, каб больш бяспечна было. Ідзеш такі па вуліцы ў саколцы з „Пагоняй”, а тут з падваротні да цябе міліцыянт з пытаннем: „А што гэта за сімволіка?”. А ты яму ў адказ: „Герб Себежа”. І для ўзмацнення эфекту тонкім фальцэтам працяжна: „Гэта наша агульная культурная спадчына, але не трэба гэта ўсё палітызаваць”. Супраць такога аргументу міліцыянт, вядома, не зможа нічога супрацьпаставіць.

Але такая лаяльнасць чыноўнікаў да „Пагоні” – гэта хутчэй сталічная мода. У правінцыі да гістарычнага герба ставяцца куды больш насцярожана. Усталяваная паўмесяца таму шыльда з „Пагоняй” і цытатай з адпаведнага верша Максіма Багдановіча ў пасёлку Малая Бароўка, што пад Магілёвам, была раптоўна замененая. На шыльду з выявай паэта і ўрыўкам з ягонага санету „Паміж пяскоў егіпецкай зямлі”. І людзі, якія настаялі на замене шыльды, думалі, напэўна, так: „Лепей хай будзе пра зернейкі на раллі, чымся пра мячы, якімі трэба біць у сэрцы суайчыннікаў, каб не былі чужынцамі”. Эх, і што сабе думаў Максім Багдановіч, калі пісаў у 1916 годзе пра старадаўнюю Літоўскую „Пагоню”! Няўжо не мог падумаць, што сваім вершам паставіць у няёмкае становішча вертыкальшчыкаў з Малай Бароўкі, што пад Магілёвам?

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ