Пра паход дыпламатаў у парламент



Цяперашнія парламенцкія выбары цяжка разглядаць як паўнавартасную палітычную кампанію па вядомых прычынах. Выбаркамы па-ранейшаму камплектуюцца за кошт правераных кадраў з вертыкалі, тым часам як альтэрнатыўныя кандыдаты — па-за гульнёй. А калі няма кантролю за ключавым момантам выбараў (падлікам галасоў), то ўсе астатнія калявыбарчыя жарсці цікавыя толькі з гледзішча назірання за раскладамі сілаў і лініяй паводзінаў так званых кандыдатаў. Гэта патрэбна для таго, каб уявіць, якія метамарфозы чакаюць беларускую кіруючую групоўку ў перспектыве бліжэйшых некалькіх гадоў.

Адметнасцю сёлетняй выбарчай кампаніі з’яўляецца тое, што па некалькіх выбарчых акругах кандыдатамі ідуць інтэлігентныя апаратчыкі з МЗС. Гэтым людзям уласцівыя рэспектабельны знешні выгляд, добрыя манеры, лагоднае стаўленне да беларушчыны і адносна свабодная камунікацыя з палітычнымі апанентамі ў сацсетках.

Кандыдат па 94-й Свіслацкай акрузе Валерый Варанецкі часта размяшчае паведамленні ў сацыяльных сетках па-беларуску, падчас крызісу вакол руйнавання крыжоў у Курапатах дазволіў сабе асцярожную крытыку дзеянняў чыноўнікаў. Кандыдат па Чкалаўскай акрузе №96 Андрэй Савіных у інтэрв’ю смела заяўляе пра неабходнасць мадэрнізацыі беларускага грамадства, але разам з тым рашуча адмяжоўваецца ад цэтліка “ліберал”. Яны, нягледзячы на пазіцыянаванне, якое адрозніваецца ад шэрых прадстаўнікоў дырэктарскага і сілавога корпуса, без сумневу, з’яўляюцца праўладнай сілай, якая наўрад ці будзе выяўляць самастойнасць у выпадку абрання. Хутчэй за ўсё наяўнасць у выбарчых спісах былых дыпламатаў Валерыя Варанецкага, Андрэя Савіных сведчыць пра тое, што вертыкаль спяшаецца выканаць прэзідэнцкае даручэнне адносна “ўзмацнення ролі парламента”. Відавочна, цяперашні гарант канстытуцыі, гаворачы пра ўзмацненне ролі парламента, меў на ўвазе не класічнае ўяўленне пра падзел галінаў улады, якія кантралююць адна іншую, не дапускаючы ўзурпацыю ўладных паўнамоцтваў. З ягонай памяці не выкрасліць праблемных дачыненняў з дэпутатамі Вярхоўнага савету ХІІ і ХІІІ скліканняў. Таму ўсе размовы пра “ўзмацненне парламенту” – гэта толькі рыторыка. Ані Валерый Варанецкі, ані Андрэй Савіных на самастойных гульцоў не цягнуць. Іх вылучэнне, хутчэй за ўсё, абумоўленае неабходнасцю мець у дэпутацкім складзе дасведчаных дыпламатаў, якія маглі б адказваць за інтэнсіфікацыю супрацы з заходнімі партнёрамі. І з гэтай роляй яны выдатна справяцца, калі не здарыцца чарговага форс-мажору кшталту разгону плошчы ў 2010 годзе, калі Захад быў вымушаны скараціць кантакты з афіцыйным Менскам да мінімума.

Прысутнасць у будучым парламенце персонаў Валерыя Варанецкага і Андрэя Савіных таксама патлумачыць, чаму ўлады не пайшлі на рэгістрацыю ўмоўных апазіцыйных дэпутатак Ганны Канапацкай і Алены Анісім. Гэтыя дзве дэпутаткі былі патрэбныя падчас папярэдняй кадэнцыі парламенту, каб прадэманстраваць Захаду палітычную волю афіцыйнага Менска на размарожванне стасункаў. Калі гэтая функцыя была выкананая (кантакты Беларусі і Захаду выйшлі на досыць высокі ўзровень), то патрэбы ў апазіцыйнай фрондзе адпалі самі па сабе. Іх месца зоймуць больш надзейныя кадравыя дыпламаты з “бездакорным” мінулым і лаяльнасцю да ўладаў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ