Пра рэалістычнасць народнага ультыматума 



Святлана Ціханоўская агучыла ультыматум рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У звароце да ўладаў палітык вылучае тры патрабаванні: 1. Адстаўка кіраўніка дзяржавы; 2. Вызваленне палітвязняў; 3. Спыненне гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў. У звароце таксама абазначаны дэдлайн: 25 кастрычніка. Калі патрабаванні не будуць выкананыя, экс-кандыдатка заклікае беларусаў распачаць агульнанацыянальны страйк, блакаванне дарог і байкатаванне праўладных бізнесаў. Словам, цяпер заклікі аб грамадзянскім непадпарадкаванні сыходзяць не ад ананімаў у тг-каналах, а ад папулярнай і легітымнай у вачах многіх беларусаў лідаркі. Калі раней Святлана Ціханоўская дыстанцыянавалася ад рэзкіх заяваў і не заклікала прама беларусаў да супраціву, то цяпер сітуацыя змянілася. Відаць, на рашучыя крокі яе справакавала просьба яе мужа Сяргея Ціханоўскага, які падчас адзінай за некалькі месяцаў тэлефоннай размовы паспеў сказаць жонцы, што трэба дзейнічаць больш жорстка. 

У тым, што рэжым паставіўся да ультыматума Святланы Ціханоўскай вельмі сур’ёзна, можна не сумнявацца. Больш за тое, адрэагаваць на пагрозу пераходу на якасна іншы ўзровень пратэсту былі вымушаныя нават у Крамлі. Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што яго краіна асуджае любыя спробы знешняга ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. Гэтая заява гучыць асабліва крывадушна на фоне ўсебаковай падтрымкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з боку Масквы (дапамога на прапагандысцкім фронце, шматлікія беларуска-расейскія вучэнні сілавікоў, прадастаўленне крэдыту і гд.).

Да ультыматума таксама паставіліся крытычна і некаторыя беларускія палітыкі. Калі падсумаваць выказванні на гэтую тэму, то ў асноўным гаворыцца пра тое, што нельга выстаўляць ультыматум, калі не можаш чагосьці дабіцца з пазіцыі сілы. Маўляў, у выпадку, калі народ не падтрымае прапановы Святланы Ціханоўскай, то на яе палітычнай будучыні можна будзе паставіць крыж. Лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк называе “ультыматум Ціханоўскай” “правакацыяй пад разгром народа”. Паводле палітыка, сітуацыя для больш радыкальных дзеянняў не выспела. Гэта значыць, у сілавікоў будуць развязаныя рукі для брутальнага задушэння беларускай рэвалюцыі.

Ці спрацуе ультыматум Ціханоўскай? Эфектыўнасць гэтага плану залежыць ад некалькіх фактараў: 1. Інфармаванасці грамадства; 2. Легітымнасці ініцыятара агульнанацыянальнага пратэсту; 3. Гатоўнасці грамадзян на самаахвярныя крокі.

Калі казаць пра інфармаванасць грамадзянаў адносна бягучых падзей, то ніколі ў гісторыі незалежнай Беларусі не было столькіх магчымасцей для атрымання інфармацыі з незалежных крыніц. Нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў у працы СМІ, ці не асноўным сродкам інфармавання сталіся шматлікія тэлеграм-каналы. Сумарная аўдыторыя толькі некалькіх, самых папулярных тг-каналаў, дасягае мільёнаў беларускіх чытачоў. Адпаведна, можна не сумнявацца, што актыўная большасць беларускага грамадства прачытала пра план Ціханоўскай.

Адносна легітымнасці Святланы Ціханоўскай у вачах беларусаў можна сказаць тое, што, аналізуючы незалежныя дадзеныя па выніках выбараў на асобных участках, якія ёсць у доступе, Святлана Ціханоўская насамрэч успрымаецца прыхільнікамі пераменаў як альтэрнатыўны лідар.

Трэці пункт (гатоўнасць грамадзянаў да радыкальных формаў пратэсту) — самы складаны. Аднак, калі паглядзець на тое, як пратэстуе Беларусь пасля выбараў, насуперак гвалту з боку сілавікоў і беспрэцэдэнтнаму ўзроўню рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў, беларусы працягваюць супраціўляцца. Кожны тыдзень у Менску і рэгіёнах на вуліцы і плошчы гарадоў выходзяць дзясяткі тысяч чалавек. Што да страйкаў на прадпрыемствах, то пасля непрапарцыйнага выкарыстання сілы ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў у жніўні, калектывы флагманаў беларускай прамысловасці выходзілі на папярэджвальныя забастоўкі. Таму ў выпадку калі рэжым дапусціць эскалацыю канфлікту альбо зробіць нейкую фатальную памылку за гэтыя два тыдні, то нельга выключаць пераходу змагання беларусаў за дэмакратыю на новую прыступку.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ