Пра серыял „Чарнобыль”



Беларуская інтэрнэт-супольнасць жыва абмяркоўвае сюжэтныя лініі і драматургію серыяла “Чарнобыль” ад амерыканскага тэлеканала HBO. Гэта той самы тэлеканал, які спецыялізуецца на вырабе паспяховых серыялаў, якія маюць шматмільённую армію прыхільнікаў. А некаторыя з фільмаў настолькі паўплывалі на нашае жыццё, што нават цалкам сабе паважаныя дзяржаўныя інстытуцыі дазваляюць сабе заявы, хоць і жартаўлівыя, якія яшчэ больш нівелююць адрозненні выдуманага сусвету фэнтэзі ад рэальнасці. МЗС Чэхіі, напрыклад, пасля фіналу “Гульні тронаў” змясціла ў сваім афіцыйным акаўнце ў Фэйсбуку паведамленне наступнага зместу: “МЗС вітае заканчэнне працяглай грамадзянскай вайны… Мы разглядаем абранне Брандана Старка як пазітыўны крок да ўмацавання стабільнасці каралеўства і паляпшэння ўмоваў жыцця насельніцтва”. Дадзеная заява ўспрымаецца сучаснай аўдыторыяй цалкам натуральна, без асаблівага здзіўлення, паколькі большасць выбарцаў у той жа Чэхіі, відаць, лепей абазнаныя ў нюансах кулуарнай барацьбы за ўладу ў прыдуманым Вестэросе, чым у перыпетыях чэшскай палітыкі. Беларускі HOMO VIDENS ад свайго чэшскага суродзіча практычна не адрозніваецца. Гартаючы стужку навінаў у Фэйсбуку, можна даведацца пра змест усіх серый “Гульні тронаў” і таго ж фільма “Чарнобыль”.

Зрэшты, нічога кепскага ў тым, што беларусы цяпер кінуліся суперажываць героям серыялу “Чарнобыль” няма. Хоць дазнаюцца многія, прынамсі, пра гераізм ліквідатараў і пра подзвіг беларускага пажарнага Васіля Ігнаценкі, які адным з першых прыбыў на тушэнне пажару на 4-м энергаблоку ЧАЭС. Лёс гэтага чалавека, дарэчы, дэтальна апісаны нашым нобелеўскім лаўрэатам Святланай Алексіевіч у кнізе “Чарнобыльская малітва”. Гэты малады хлопец атрымаў смяротную дозу апраменьвання, у выніку чаго памёр у страшных пакутах літаральна праз пару тыдняў пасля выезду на пажар. У суседняй Украіне былы прэзідэнт Віктар Юшчанка пасмяротна ўзнагародзіў Васіля Ігнаценку званнем Герой Украіны, а на радзіме пра яго амаль забыліся.

Некаторыя вядомыя беларускія інтэрнаўты па праглядзе некалькіх серый “Чарнобыля” задаліся пытаннем, ці зменіцца стаўленне ў беларусаў да ядзернай энергетыкі і, у прыватнасці, да Астравецкай АЭС. Адказ на пытанне досыць відавочны. За прамінулыя дзесяцігоддзі ў краіне, якая найбольш пацярпела ад катастрофы на ЧАЭС, дзе фіксуецца ўсплеск ракавых захворванняў у грамадзян, дзе забыліся на чарнобыльскіх ліквідатараў і жыхароў забруджаных радыяцыяй тэрыторый, здаецца, увогуле паменела людзей, якія разумеюць маштаб і ўзровень нашай агульнай бяды. Беларуская навука з 1990-х гадоў апынулася ў заняпадзе, дзяржаўныя праграмы рэабілітацыі і пераадоленння наступстваў катастрофы на ЧАЭС згорнутыя. Але самае галоўнае: самі беларусы перасталі думаць пра Чарнобыль, нібыта яго і не было ўвогуле. І марна спрабуюць дагрукацца да насельніцтва актывісты антыядзерных ініцыятываў і інтэлектуалы. Людзі адганяюць ад сябе непрыемныя думкі пра радыяцыйную небяспеку, шукаючы паратунак у няспынным спажывецтве. У тым ліку і ў спажыванні візуальнай прадукцыі, якая дазваляе адчуць некаторыя эмоцыі, але пры гэтым не ўскладае ніякіх абавязкаў на гледача. Ён будзе шчыра плакаць над лёсам акцёраў “Чарнобыля”, але нават не задумаецца, што ў якой-небудзь забытай Богам Нароўлі дажывае век хворы ліквідатар.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ