Пра смартфонных зомбі, валютны крызіс і ІІІ Сусветную



Уявіць жыццё сучаснага чалавека без смартфона альбо падобных гаджэтаў немагчыма. Настолькі немагчыма, што некаторыя прадстаўнікі нашага віду на сон і працу трацяць куды менш часу, чымся на няхітрыя рухі пальцам па тачскрыне ў пошуках рознай інфармацыі. Некаторыя ўнікумы нават даюць рады карыстацца сваімі мабільнымі прыстасаваннямі падчас кіравання аўтамабілямі альбо ў працэсе прагулкі з дзецьмі. У прэсе залежным ад смартфона асобам ужо далі мянушку “смартфонныя зомбі”. А ў некаторых часцінах свету грамадзяне, якія перасоўваюцца па вуліцах і праз дарогу, утаропіўшыся ў экраны мабільных, могуць за гэтае задавальненне заплаціць даволі сур’ёзныя грашовыя штрафы.

Канец працоўнага дня. Некалькі смартфонных зомбі сярэдняга ўзросту стаяць побач у чарзе ў абменны пункт валюты. Калі чарга падыходзіць да адной пары асобаў, якія таксама стаяць ля акенца касіркі з адсутнымі тварамі, абменнік часова спыняе працу. Змена курсу валют стала пазаштатнай сітуацыяй для выхаду з віртуальнай рэальнасці.

– Спадзяюся, новыя курсы валют з’явяцца да пачатку ІІІ Сусветнай вайны. Я якраз пра грозны твіт Трампа чытаю, у якім ён пагражае запусціць “прыгожыя і разумныя” ракеты ў Сірыі, – гаворыць мужчына.

– А я праглядаю артыкулы пра дагляд за яблынямі. Але пасля твіта Трампа думаю, ці набываць медзяны купарвас напярэдадні ІІІ Сусветнай, – адказвае кабета.

– Паміраць збірайся, а купарвас набывай, – пасумоўвае суразмоўца.

Курсы з’яўляюцца. Дзякуючы заявам амерыканскага прэзідэнта Трампа, расейскі рубель ляціць уніз, наўздагон за ім прасядае беларуская валюта. Смартфонныя зомбі вырашаюць свае грашовыя справы і разыходзяцца ў розныя бакі. Віртуальны свет перамог.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ