Пра стратэгіі дэмсілаў на выбарах 2020



Дэмакратычны актыў Гомеля абмяркоўвае стратэгію дзейнасці апазіцыі і грамадства на выбарах 2020 года. У сваіх выказваннях выступоўцы з ліку сябраў АГП, БНК, БНФ, Руху “За свабоду” адштурхоўваюцца ад вопыту, атрыманага на прамінулых парламенцкіх выбарах.

Уладзімір Кацора адзначае, што на сёння вымалёўваюцца некалькі фарматаў удзелу апазіцыі на будучых прэзідэнцкіх выбарах. На думку палітыка, самы аптымальны варыянт, на якім гомельскія дэмакратычныя сілы настойваюць вось ужо з 2006 года, – гэта вылучэнне адзінага кандыдата, які змог бы аб’яднаць максімальна шырокі спектр незадаволеных цяперашняй сітуацыяй грамадскіх сілаў. Аднак, паводле Уладзіміра Кацоры, на гэты момант рэалізацыі дадзенай стратэгіі перашкаджаюць амбіцыі палітычных лідараў: “Хто чытаў падручнікі па паліталогіі, ведае, што персаналісцкі аўтарытарны рэжым можа быць заменены толькі шляхам ціску. Але для поспеху стратэгіі мусіць быць адзіны кандыдат. Ужо сёння магу назваць каля 10 асобаў, якія сабраліся ісці на выбары кандыдатамі. Што праўда, ёсць надзеі на тое, што працэс вылучэння адзінага кандыдата будзе ініцыяваны ў межах Правацэнтрысцкай кааліцыі, да якой могуць далучыцца сацыял-дэмакраты пад кіраўніцтвам Ігара Барысава.”

Уладзімір Кацора таксама акцэнтуе ўвагу, што наяўнасць адзінага кандыдата – гэта не ўся формула паспяховай кампаніі: “У нас на дадзены момант не хапае актыву. У Гомелі на апошніх выбарах мы не змаглі арганізаваць татальнае назіранне нават на дзвюх акругах, а трэба будзе ахапіць незалежным назіраннем акругі па ўсёй краіне. Апроч гэтага, трэба рашыць, што рабіць, калі не пусцяць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбаркамы.”

Выглядае на тое, што асобнай калонай на выбары пойдзе Мікалай Статкевіч, які падчас парламенцкай кампаніі актыўна агітаваў грамадзянаў уступаць у сябры ягонай ініцыятыўнай групы на прэзідэнцкіх выбарах 2020. Палітык перакананы, што дабіцца пераменаў можна праз арганізацыю працяглага мірнага пратэсту, які прымусіць уладу пайсці на саступкі.

Нядаўна ў публічнай прасторы пра сябе заявіла таксама грамадзянская кампанія “Свежы вецер”, якая крытыкуе намеры ўсіх дэмакратычных прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах, гаворыць пра тое, што гісторыя Беларусі можа скончыцца ў выпадку чарговага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі. Актывісты “Свежага ветру” мяркуюць, што ў 2020 годзе прэзідэнцкія выбары могуць прайсці сінхронна з рэферэндумам аб аб’яднанні з Расеяй. Адпаведна, варта супрацьдзейнічаць такому сцэнару, не выступаць у ролі “зазывалаў” на фальшывыя выбары. А замест гэтага актывісты “Свежага ветру” заклікаюць засяродзіцца на скліканні Устаноўчага сходу, які перазапусціць новы фармат дзяржавы. То бок, прапаноўваецца дабіцца ад уладаў прызнання новага прадстаўнічага органу, які верне развіццё дзяржавы на канстытуцыйныя рэйкі.

Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання Віктар Хоміч, які ўзначальваў у апошнім дэмакратычна абраным парламенце Чарнобыльскую камісію, гаворыць, што Аляксандр Лукашэнка наўрад ці зацікаўлены “ў паглыбленні інтэграцыі з РФ”, якая заканамерна прывядзе да завяршэння ягонай палітычнай кар’еры. Разам з тым, на думку дэпутата, не трэба скідваць з рахункаў магчымасць правядзення рэферэндума, які можа працягнуць тэрмін прэзідэнцтва дзейнага кіраўніка дзяржавы альбо змяніць працэдуру яго пераабрання. “Лукашэнка ўвядзе пасаду віцэ-прэзідэнта, а прэзідэнта будзе выбіраць Палата прадстаўнікоў. І – апошні акорд – тэрмін новых паўнамоцтваў прэзідэнта будзе лічыцца з моманту правядзення рэферэндума. То бок, правёўшы рэферэндум, ён на 7 гадоў сабе забяспечыць існаванне без выбараў”, – зазначае Віктар Хоміч.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ