Пра туалет з сістэмай відэаназірання



Страшна жыць у сучасным свеце. Цяпер, што б ты не рабіў, паўсюль пакідаеш сляды. У тым ліку лічбавыя. Французскі філосаф Мішэль Фуко нават у самых сваіх далёкіх прагнозах не мог уявіць, да якой ступені чалавек будзе кантралявацца з усіх бакоў рознымі інстытуцыямі. Прычым часта мы робім гэта добраахвотна, карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі і спецыяльнымі дадаткамі з геалакацыямі. Людзі па сваёй волі выкладаюць у публічную прастору асабістыя дадзеныя, фотаздымкі і нават паведамляюць пра свае планы на бліжэйшыя тыдні. Цяперашнім злодзеям дастаткова стварыць акаўнт у сацыяльных сетках, зафрэндзіцца з вялікім колам людзей і чакаць, пакуль патэнцыйная ахвяра не напіша доўгачаканы статус у стылі „з’язджаю ў адпачынак на два тыдні на Мальту”. А пачакаўшы ад’езду курортнікаў, можна дзейнічаць.

Беларуская дзяржава стараецца не адставаць ад глабальных тэндэнцый. На адным гламурным партале апублікаванае інтэрв’ю з ананімным мытнікам, які незнарок выдаў службовую таямніцу! Аказваецца, у туалетах прапускнога пункта „Каменны Лог” усталяваныя відэакамеры назірання! Не для спатолення вычварэнскіх фантазій, спадзяемся, а для кантролю за кантрабандыстамі, якія могуць хаваць цыгаркі перад праходжаннем мытнай праверкі…

Некалькі месяцаў назад улады анансавалі стварэнне адзінай сістэмы відэаназірання, якая б цэнтралізавала ўсе відэакамеры ўсіх ведамстваў краіны. Агульны кошт гэтай радасці — каля 100 мільёнаў даляраў. Відаць, яны пачалі запуск сістэмы менавіта з пілотнай камеры ў прыбіральні „Каменнага Лога”. Усім небаракам, якія будуць перасякаць беларуска-літоўскую мяжу ў „Каменным Логу”, лепш усё-такі пацярпець.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ