Пра “забіваку” і здраднікаў-харватаў



Шчыра кажучы, не хацеў пісаць пра футбол. Але ад расейскага спартовага свята не схаваешся нідзе. Нават калі вельмі пастараешся. Набываеш колу без задняй думкі – пад коркам можна ўбачыць вясёлы надпіс: “Вы выйгралі майку з забівакам”. Калі нехта не ведае, “забівака” – гэта не назва нервова-паралітычнага газа савецкай вытворчасці, а сімвал апошняга ЧС па футболе. Для шараговага расейца наватвор “забівака” не нясе негатыўнай канатацыі. Што робіць “забівака”? Правільна, забівае галы. А вось для носьбітаў іншых славянскіх моваў “забівака” гучыць надта змрочна. Асабліва калі ведаеш пра крыважэрную знешнюю палітыку гаспадароў чэмпіянату. Карацей, дзякуй, не трэба. Майку з “забівакам” можаце пакінуць сабе.

Калі ўлюбёны напой можна часова не піць, каб не спаткаць выпадкова “забіваку” пад коркам, то што рабіць з сотняй разумных і патрыятычных фрэндаў з фэйсбука, якія ўвесь час пішуць паведамленні ў стылі “не гляджу футбол, але харваты малайцы”. Дарэчы, пра харватаў. Яны выйгралі ў расейцаў. А нехта з футбалістаў нават у відэа прысвяціў гэтую перамогу Украіне. “Слава Украіне”, – сказалі два харваты. За гэта на іх пакрыўдзілася ўся вялікая Расея, тэлеканалы, газеты, параходы і нават адзін сенатар дзярждумы. Гэты ўраджэнец Беларусі Франц Клінцэвіч у адным сваім выказванні здолеў пакрыўдзіць усю харвацкую нацыю. Ацэньваючы праўкраінскія выказванні футбалістаў, ён заявіў: “Харваты заўжды былі здраднікамі славянскага свету”. Дзіўны прыклад шызафрэніі, калі ўлічыць, што харваты самі з’яўляюцца славянскім народам, як і ўкраінцы, зрэшты. Калі я да гэтага не сачыў за турнірнай табліцай, то цяпер буду заўзець менавіта за харватаў. Так хочацца пачуць ад фіналістаў свету па футболе на ўвесь свет: “Слава Украіне”.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ